Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Генадзем Пальчыкам

2 августа 2016

Яшчэ адзін пункт у рабочым графіку Прэзідэнта - сустрэча са старшынёй Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. Генадзь Пальчык паведаміў Аляксандру Лукашэнку, на чым зараз засноўваецца праца ВАК і як праходзіць амаладжэнне навуковых кадраў у Акадэміі навук, сферы адукацыі і рэальным сектары эканомікі. Раней у Беларусі было вырашана захаваць дзяржсістэму прысваення навуковых ступеняў і званняў, і такім чынам атрымалася заступіць шлях у навуку аўтарам слабых работ, пазбегнуць скандалаў з плагіятам. Летась 48 чалавек сталі дактарамі і больш як паўтысячы - кандыдатамі навук. Адна з задач, якую ставіць Кіраўнік дзяржавы, - інавацыйнае развіццё эканомікі. Навуковыя даследаванні павінны мець рэальны эфект.

Прадукцыя ваеннага прызначэння, лазерныя тэхналогіі, абарона інфармацыі - гэта галоўныя кірункі, дзе беларусам атрымалася дасягнуць эфектыўнай і рэнтабельнай вытворчасці. У распрацоўках беларускіх навуковых інстытутаў зацікаўленыя Кітай, Саудаўская Аравія, ЗША. У цэлым Акадэмія навук падтрымлівае дзелавыя адносіны з навуковымі супольнасцямі і арганізацыямі 90 краін. Падрабязнасці рабочага дня Прэзідэнта - у нашых наступных выпусках.