Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй праўлення расійскага банка ВТБ

13 мая 2014
Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся са старшынёй праўлення расійскага банка ВТБ Андрэем Косціным. У нашай краіне фінансавая ўстанова працуе ўжо шосты год. У 2013 у беларускую эканоміку яна інвеставала каля трохсот мільёнаў долараў. І, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, на чарзе яшчэ больш значныя сродкі. Прэзідэнт прапаноўвае групе ВТБ пашыраць супрацоўніцтва. У першую чаргу гэта датычыцца сектара абароны.
Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: Такі гігант, як група ВТБ, здольны на большае. Таму мы за тое, каб гэтае супрацоўніцтва пашыралася ў новых сферах, у тым ліку і ў абаронным сектары. Гэта вельмі важна сёння і Расіі. Сёе-тое і мы можам зрабіць дадаткова, і пры патрэбным фінансаванні не толькі мадэрнізавацца, але і ажыццяўляць выпуск вызначанай прадукцыі для патрэбаў абаронкі Расійскай Федэрацыі, чытай, і Беларусі, паколькі армія фактычна агульная, у нас тут, на заходнім кірунку, створаная сумесная групоўка, таму гэта будзе ўкладанне і ў абарону Беларусі.
Андрэй Косцін, старшыня праўлення ААТ БАНК ВТБ, член наглядальнага савета: Хачу вас павіншаваць з такой падзеяй, як ЧС па хакеі. Гэта прызнанне Беларусі не толькі ў галіне спорту, але і ў цэлым на міжнароднай арэне, прызнанне краіны, якая ўносіць важны ўклад у развіццё еўрапейскай культуры, еўрапейскіх эканамічных адносін. Таму гэтае мерапрыемства выходзіць за спартыўныя рамкі, і яго паспяховае правядзенне пакажа ўсяму свету магчымасці, якімі валодае сучасная рэспубліка. Банк ВТБ працуе ў Беларусі ўжо шосты год. Мы задаволеныя гэтай працай. У Беларусі існуе правільная банкаўская культура, культура не толькі браць грошы, але і вяртаць іх. Банк ВТБ год за годам нарошчвае банкаўскае абслугоўванне ва ўсіх сферах, выдае крэдыты як ураду, кампаніям, так і грамадзянам.

ВТБ - камерцыйны банк з дзяржаўным удзелам, амаль 61% належыць дзяржаве. Пасля Ашчадбанка на велічыню актываў ён другі ў краіне і першы на памер статутнага капіталу.