Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з паслом В'етнама Ле Анем, які завяршае дыпмісію ў Беларусі

4 сентября 2018

З акцэнтам на эканоміку прайшла і яшчэ адна размова ў Палацы Незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з паслом В'етнама Ле Анем, які завяршае дыпмісію ў Беларусі. Фундамент двухбаковага партнёрства трывалы. Нягледзячы на адлегласць, адносіны блізкіх па духу краін правераныя часам. Тройчы кіраўнікі дзяржаў абменьваліся афіцыйнымі візітамі. І ўсё ж палітычныя кантакты значна апярэджваюць гандлёва-эканамічныя. Тавараабарот за мінулы год склаў 135 мільёнаў долараў. Планка да канца наступнага года ў два з паловай разы вышэйшая. Такая дамоўленасць была дасягнутая лідарамі дзвюх краін падчас афіцыйнага візіту прэзідэнта В'етнама ў Беларусь. Задача амбіцыйная. Але сумесны патэнцыял адпавядае такому ўзроўню. Перспектыўныя кірункі - сельская гаспадарка, будаўніцтва, пастаўкі тэхнікі, турызм і сфера адукацыі. Аб чым дамовіліся сёння? З падрабязнасцямі Вераніка Бута.

В'етнам эксперты называюць тыграм Азіі, што крадзецца. У найбліжэйшыя 15-20 гадоў эканоміка гэтай краіны, згодна з прагнозамі, будзе павялічвацца на 6-7 % за год. Рэспубліка гатовая ўшчыльную падысці да "Вялікай дваццаткі". Таму для нашай краіны гэты партнёр вельмі перспектыўны. Ды і ў нас ёсць, чым адказаць. А таму Беларусі і В'етнаму трэба актывізавацца - у выйгрышы будзе кожны з бакоў. Якім чынам наладзіць працу, гаварылі сёння ў Палацы Незалежнасці.

Спадар Ле Ань завяршае сваю дыпламатычную місію ў нашай краіне. Паслом В'етнама ён прапрацаваў у Мінску тры гады. Сустрэча з Кіраўніком дзяржавы хоць і прадугледжвала пратакольны фармат, але размова выйшла за рамкі сухіх лічбаў.

Паўстагоддзя таму адстойваць сваю незалежнасць В'етнаму дапамагалі каля двух сотняў беларусаў. Той выпадак, калі адлегласць не перашкода, каб падтрымаць сяброў, і падзеі канца мінулага года: тайфун, наймацнейшыя за апошнія дзясяткі гадоў разбурэнні. Гуманітарны груз ад нашай краіны неадкладна адвёз самалёт МНС Беларусі.

Сёння на сустрэчы з дыпламатам Кіраўнік дзяржавы адзначыў, нашы палітычныя адносіны (ды і як паказвае практыка, дружалюбныя) значна апярэджваюць гандлёвыя.

Хоць цікавасць ёсць. В'етнам - першы, хто падпісаў пагадненне аб свабодным гандлі з ЕАЭС. А для Мінска праз Ханой адкрыліся магчымасці па доступе на рынак АСЕАН. (Гэта 600 мільёнаў чалавек і 2,5 трыльёна долараў сукупнага ВУП). Супрацоўніцтва на ўзроўні "інтэграцыі інтэграцый" павінна стаць стымулам для запуску нашых вытворчасцяў у гэтай азіяцкай краіне. Так, да канца года чакаецца, што ў В'етнаме пачне працаваць сумесная зборка МАЗаў. Плануюць выпускаць да паўтары машын за год.

У цэлым сёння паказчыкі ў гандлі паміж Беларуссю і В'етнамам нядрэнныя. Летась 135 мільёнаў долараў. У 2016 - 120. Выраслі. Плюс паказваем і па выніках 6 месяцаў 2018. У першую чаргу за кошт экспарту - прадаем калійныя ўгнаенні, тэхніку і прадукты харчавання. Закупляем адзенне, морапрадукты і каву. Патэнцыял супрацоўніцтва значна вышэйшы. Адзнака, да якой імкнуцца краіны, - 500 мільёнаў долараў да канца наступнага года. 

Такую амбіцыйную задачу мінулым летам паставілі лідары дзвюх краін падчас афіцыйнага візіту прэзідэнта В'етнама ў Беларусь. Менавіта такі аб'ём тавараабароту адпавядае патэнцыялу дзвюх краін. Сустрэча, безумоўна, надала дынамікі нашым адносінам. Дарэчы, за чвэрць стагоддзя супрацоўніцтва кіраўнікі дзяржаў ужо тройчы абмяняліся афіцыйнымі візітамі.

Пасол В'етнама на сённяшняй сустрэчы адзначыў, што цяперашняе кіраўніцтва яго краіны і беларускае - з аднаго пакалення. Таму знайсці агульную мову і зразумець адно аднаго ім проста.

Крыху пазней, падчас размовы з журналістамі, дыпламат скажа: 500 млн долараў - гэта рэальна. Але толькі пры актыўнай працы кожнага з бакоў - у працэс павінны ўліцца і самі кампаніі.

Напрыклад, больш актыўна ўдзельнічаць у аўкцыёнах на права будаваць у В'етнаме метро або аўтамагістралі. Зараз гэта вельмі перспектыўны кірунак - краіна развіваецца хуткімі тэмпамі.

Ле Ань, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол В'етнама ў Беларусі: "У В'етнаме амаль 100 мільёнаў насельніцтва. Мы зацікаўленыя ў тым, каб прыходзілі вашы будаўнічыя кампаніі. У нас таксама вельмі папулярныя беларускія грузавікі і кар'ерная тэхніка. Вялікія перспектывы ў краін у сельскай гаспадарцы. Беларусь моцная ў вытворчасці мяса і малака. У нас морапрадукты. Мы можам дапаўняць адно аднаго".

Сапраўды, бакі запусцілі праект па стварэнні сумеснага прадпрыемства па перапрацоўцы беларускага сухога малака і малочнай сыроваткі. Ужо вылучылі зямлю пад яго будаўніцтва. Але пакуль праект паставілі на паўзу: вырашаюць тэхнічныя пытанні.

Ле Ань, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол В'етнама ў Беларусі: "Бакі вырашаюць тэхнічныя пытанні, упэўнены, усё неўзабаве наладзіцца. В'етнам вельмі зацікаўлены ў стварэнні гэтага прадпрыемства. Наша краіна забяспечвае сябе малочнымі прадуктамі толькі на 30 %. 70 % - гэта імпарт. Прадпрыемства мае перспектывы".

У апошнія пяць гадоў у В'етнаме таксама расце попыт на мясную прадукцыю - у выніку ўдвая павялічыліся пастаўкі ялавічыны, свініны і птушкі з-за мяжы. Там ёсць месца і беларускім вытворцам.

У снежні ў Хашыміне пройдзе гандлёва-эканамічная выстава "В'етнам Экспо". Удзел у ёй пацвердзілі амаль тры дзясяткі беларускіх прадпрыемстваў. Форум завуць галоўнай перагаворнай пляцоўкай Азіяцкага рэгіёна, дзе складаюцца выгадныя кантракты. Бакі разлічваюць па кожнай з пазіцый супрацоўніцтва (ад сельскай гаспадаркі да стварэння матэрыялаў) дамовіцца на гэтай выставе.