Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з новым старшынёй калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі

24 марта 2016

Сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з новым старшынёй калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. На гэтую пасаду экс-прэм'ер Арменіі Тыгран Саркісян быў прызначаны ў лютым. Сёлета еўразійская інтэграцыя адзначыла першы дзень нараджэння. На працягу 2015-га пад старшынствам Беларусі быў сфарміраваны агульны рынак са свабодным перамяшчэннем тавараў, працоўнай сілы і капіталаў. Амаль палова рынку паслуг Еўразійскага эканамічнага саюза ўжо працуе па адзіных правілах. Як падкрэсліў сёння Аляксандр Лукашэнка, удзельнічаючы ў Еўразійскім саюзе, Беларусь паслядоўна і настойліва выступае за здыманне ўсіх бар'ераў, якія яшчэ застаюцца ва ўзаемным гандлі.

Сёння дзяржавамі - удзельнікамі ЕАЭС з'яўляюцца Беларусь, Расія, Казахстан, Арменія і Кыргызстан. Еўразійскі саюз - адно з найбуйнейшых у свеце эканамічных фарміраванняў з насельніцтвам больш як 180 мільёнаў чалавек. За год саюз здолеў набраць істотную палітычную вагу на сусветнай арэне. Менш чым праз паўгода пасля запуску ЕАЭС было падпісана першае пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж Еўразійскім саюзам і В'етнамам. На чарзе ўжо некалькі дзясяткаў заявак ад замежных дзяржаў аб спрашчэнні эканамічных адносін з ЕАЭС. Асобна ідзе і злучэнне Еўразійскага альянса з глабальнай кітайскай ініцыятывай "Эканамічны пояс Шаўковага шляху".