Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам замежных спраў Алжыра

20 февраля 2018

Беларусь разлічвае на аднаўленне ўзроўню адносін з Алжырам. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў паўночнаафрыканскай дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што цяперашні ўзровень узаемадзеяння нельга лічыць здавальняючым. І гэта на фоне добрага палітычнага кантакту. Краіны не могуць пахваліцца добрым тавараабаротам. Летась ён склаў ледзь менш як 2 мільёны долараў. Экспарт беларускіх тавараў памяншаецца з 2015-га ў сувязі з прынятымі алжырскім урадам мерамі па абмежаванні імпарту.

Усё гэта вынік эканамічнага спаду, выкліканага паніжэннем нафтавых каціровак. Тым не менш, нашы вытворцы імкнуцца наладзіць дыялог у сферы паставак тэхнікі і харчавання. Летась на 50-й алжырскай міжнароднай выставе падпісаныя чатыры мемарандумы аб супрацоўніцтве. Свае распрацоўкі тады прапанавалі МАЗ, МТЗ, Гомсельмаш і Акадэмія навук. Рэзервы для ўзаемадзеяння ёсць і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы.

Алжыр - найбуйнейшая афрыканская дзяржава. Мяжуе з сямю краінамі, у тым ліку з Лівіяй і Тунісам на ўсходзе. Асаблівую ўвагу тут надаюць пытанням нацыянальнай бяспекі. У гэтым кірунку плануюць развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю. У цэлым жа фактараў для ўзаемнага эканамічнага росту дастаткова. Зрабіць кантакты больш інтэнсіўнымі па ўсіх кірунках - галоўная мэта візіту міністра замежных спраў.

Абдэлькадэр Месахель, міністр замежных спраў Алжыра: "Я жадаў бы ў першую чаргу перадаць Вам прывітанне і глыбокія запэўненні ў сяброўстве паміж нашымі краінамі ад прэзідэнта Алжыра. Спадар Прэзідэнт, Вы правільна адзначылі, што палітычныя адносіны ў нас на добрым узроўні, а эканамічныя значна ніжэйшыя за тыя, што мы жадалі бы бачыць. Мэта майго візіту - наладзіць эканамічныя адносіны паміж краінамі і зрабіць іх больш інтэнсіўнымі. З калегамі мы ўжо абмяркоўвалі магчымасці і падпісалі пагадненне аб стварэнні сумеснага камітэта па развіцці супрацоўніцтва. Нам, напэўна, спатрэбіцца нейкі юрыдычны інструмент, які дазволіць задаць рамкі для нашага супрацоўніцтва. Гэтае пагадненне дазволіць наладзіць усе віды эканамічнага ўзаемадзеяння паміж краінамі".

Афрыка - важная частка далёкай дугі беларускай знешняй палітыкі і эканомікі. Патэнцыял вялікі: калі скласці ўсе амбіцыі нашых партнёраў на кантыненце, атрымаем перспектыўны тавараабарот парадку трох мільярдаў долараў. А гэта сур'ёзны складальнік стратэгіі па дыверсіфікаванні нашага экспарту. Традыцыйную для рэгіёна прадукцыю калійнага камбіната дапаўняюць пастаўкамі тэхнікі. Тут ключавы партнёр - Егіпет, дзе ўжо адкрытыя зборачныя вытворчасці МТЗ і МАЗа. Таксама ў складзе беларускага прамысловага кластара на кантыненце БелАЗ, у якога ў партнёрах лічацца тры дзяржавы. У Мінскага аўтазавода - 8 адрасатаў паставак. А самая шырокая дылерская сетка ў Трактарнага завода: 25 краін-кліентаў. Мэта ў 3 мільярды ставіцца і з разліку перспектыўных паставак харчавання.