Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з лідарамі Босніі і Герцагавіны і Малдовы

21 июня 2019

Сёння - 21 чэрвеня, а гэта значыць, што дзень, пра які мы шмат гаварылі і будзем гаварыць, надышоў! Сёння ў сталіцы адбудзецца ўрачыстае адкрыццё ІІ Еўрапейскіх гульняў. Гэтую знакавую спартыўную падзею ўсе мы чакалі ўжо даўно, як і тысячы спартсменаў і турыстаў. На стадыёне "Дынама" мы ўбачым і мноства гасцей самага высокага ўзроўню. У гэтыя хвіліны Нацыянальны аэрапорт прымае рэйсы з усяго кантынента. А з лідарамі Босніі і Герцагавіны і Малдовы, якія прыбылі напярэдадні, сустрэўся наш Прэзідэнт.

Пра што ішла размова ў Палацы Незалежнасці, раскажа Вольга Макей. Частка VIP-гасцей цырымоніі адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў, а гэта лідары замежных дзяржаў, у Мінск прыляцела напярэдадні. Па-першае, каб дэталёва абмеркаваць двухбаковыя адносіны з афіцыйным Мінскам, сустрэцца з нашым Прэзідэнтам. А па-другое, каб адчуць атмасферу спартыўнага свята. Сёння да вечара для гэтага якраз будзе час.

Напрыклад, старшыня Прэзідыума Босніі і Герцагавіны ў Мінску ўпершыню. Падчас сустрэчы прызнаўся, па беларусах відаць: міралюбныя людзі. На Балканах гэта цэняць асабліва. Як і адзінства. Паўтара дзесяцігоддзі таму Югаславію літаральна падзялілі на часткі. І зараз кожная краіна развівае сваю ўласную эканоміку. Босніі і Герцагавіне цікавы беларускі вопыт у ІТ, сельскай гаспадарцы, машынабудаванні. Палітычны крызіс зусім нядаўна перажыла і Малдова. Зараз у краіне новы ўрад. А палітычная раўнавага - упершыню за 27 гадоў. Зрэшты, галоўнае спартыўнае свята - Еўрапейскія гульні - якраз прыклад таго адзінства, якога так не стае сучаснаму свету.

Ігар Дадон, Прэзідэнт Малдовы: "У нас выдатныя адносіны. Я хацеў бы, каб у Малдове было так, як у Беларусі. Калі атрымаў запрашэнне прыехаць, нягледзячы на няпростыя часы, я вырашыў узяць дзень і прыехаць. Сябры побач адно з адным і ў бядзе, і ў радасці".

На памяць пра гэтую сустрэчу госці забяруць і падарункі. Гэта ўжо добрая традыцыя беларускай гасціннасці. Гэтым разам сувеніры і падарункі на спартыўную тэму - гэта шакалад, калекцыйны набор з сімволікай ІІ Еўрапейскіх гульняў і талісман спартыўнага форуму лісянё Лесік.

Сёння Аляксандр Лукашэнка правядзе яшчэ шэраг двухбаковых сустрэч. У Палацы Незалежнасці чакаюць гасцей. Вядома, лідары абмяркуюць палітычныя і эканамічныя адносіны паміж краінамі. Але відавочна, цэнтральнай тэмай перамоў усё ж будзе спорт.