Мацнее супрацоўніцтва Беларусі і Расіі дзякуючы сувязям з рэгіёнамі. На гэтым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Ніжагародскай вобласці Валерыем Шанцавым. За гады рэалізацыі саюзных дамоўленасцяў краіны дасягнулі значнага прагрэсу ў палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай сферах. Як адзначыў беларускі лідар, пры падабенстве нашых эканомік няпростая леташняя эканамічная сітуацыя прывяла да паніжэння ўзаемнага тавараабароту. І таму зараз задача нумар адзін - забяспечыць станоўчую дынаміку знешняга гандлю.
Сімвалічна, што менавіта ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі ў Мінск прыбывае дэлегацыя з Ніжняга Ноўгарада. Два гады таму госці з гэтага рэгіёна прыязджалі таксама 2 красавіка. Зрэшты, у якасці губернатара Валерый Шанцаў у Беларусі ўжо пяты раз - бо агульных пунктаў, дзе перасякаюцца інтарэсы, вельмі шмат, а частыя візіты дазваляюць у дынаміцы паглядзець, як развіваецца Беларусь.
Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі - свята, якога не маюць іншыя дзяржавы. Сімвалічна, што і візіт у Мінск пачынаецца з ускладання кветак да манумента Перамогі. Агульны подзвіг, якому сёлета ўжо 70, для народаў, бадай, самы аб'яднаўчы фактар.
Ніжні Ноўгарад называюць прамысловым сэрцам Расіі. Мясцовыя рамеснікі тут калісьці прыдумалі зараз ужо ўсім вядомую хахламу, вырабы з такімі ўзорамі можна сустрэць ледзь ці не ў кожным беларускім доме. А ніжагародскія інжынеры яшчэ ў часы СССР увасобілі мару тагачаснай партыйнай эліты: гэтыя аўтамабілі, знакамітыя "Волгі", "Чайкі" і "Перамогі", сыходзілі з канвеераў Горкаўскага аўтазавода. На гэтым авіябудаўнічым прадпрыемстве выпускаюць знішчальнікі, якія стаяць на ўзбраенні шматлікіх краін свету - вядомыя МіГ-29, у рэгіёне ёсць і адзіны ў Расіі вытворца "чорных скрынь". Увогуле, Ніжагародская вобласць па развіцці навукі і тэхналогій уваходзіць у тройку лідараў суседняй краіны.
Валерый Шанцаў да 2005 года займаў пасаду віцэ-мэра Масквы. Знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ з тых часоў. Супрацоўніцтва з Беларуссю перамясцілася і ў Ніжагародскую вобласць.
Тавараабарот за апошняе дзесяцігоддзе павялічыўся ў 4 разы, за 2014-ы - больш як 580 мільёнаў долараў. Для найбуйнейшага цэнтральнага рэгіёна Расіі Беларусь трэці гандлёвы партнёр, пасля Нідэрландаў і Германіі. Імпартуюць рухавікі, шыны, грузавыя аўтамабілі і прадукты харчавання. Дарэчы, штогод у Ніжагародскай вобласці праводзяць дзясятак беларускіх кірмашоў. Яшчэ купляюць, вядома, мэблю і тэхніку. З расійскага рэгіёна нам вязуць запчасткі, пасажырскія аўто і шматлікае іншае.
Увогуле, Ніжні Ноўгарад - своеасаблівая апора: лічба тавараабароту, хоць і трохі знізілася за апошні час, - значна вышэйшая, чым з іншымі абласцямі Расіі.
І вось яшчэ адна тэма для супрацоўніцтва. Расія выйграла права на правядзенне чэмпіянату свету па футболе ў 2018-м годзе. Адным з 11 гарадоў мундыяля стане і Ніжні Ноўгарад. Некалькі дзён таму ФІФА апублікавала гэты прэзентацыйны ролік сталіцы рэгіёна. У Беларусі практыка правядзення першынства такога ўзроўню ўжо ёсць: Мінск гатовы дзяліцца не толькі вопытам, але і тэхналогіямі. Бо трэба стварыць інфраструктуру: пабудаваць дарогі, забяспечыць іх транспартам. Таму асаблівая цікавасць ніжагародцаў - да камунальнай тэхнікі. Супрацоўніцтва з холдынгам "Амкадор" не першы год прыносіць свой плён.
У Ніжагародскай вобласці зарэгістраваныя трынаццаць сумесных з Беларуссю прадпрыемстваў - ад вытворчасці машын і абсталявання для сельскай і лясной гаспадаркі, ліфтаў, тэкстыльных вырабаў да кампаній аптовага гандлю самымі рознымі таварамі. У планах - сумесная распрацоўка новых тыпаў рухавікоў для аўтобусаў. Цікавяцца ніжагародцы і беларускім вопытам у АПК. Найбуйнейшы сумесны праект - у энергетычнай сферы: цэнтр інжынернай думкі будаўніцтва Астравецкай станцыі знаходзіцца менавіта ў Ніжагародскай вобласці - гэта кампанія "Атамэнергапраект": расійскія спецыялісты ўдзельнічаюць у будаўніцтве і праектаванні блокаў АЭС. Акрамя таго, дзясяткі беларускіх студэнтаў, будучых атамшчыкаў, праходзяць навучанне ў ВНУ расійскага рэгіёна.
Сёння Валерый Шанцаў сустрэўся з будучымі інжынерамі, выкладчыкамі і навукоўцамі ў БНТУ. Тут губернатар выступіў у ролі лектара. Даклад па інавацыйнай эканоміцы так зацікавіў навуковы савет, што госця з пустымі рукамі не адпусцілі.
Супрацоўніцтва ў імпартазамяшчэнні і рэалізацыі найбуйнейшых будаўнічых праектаў у Ніжагародскай вобласці. Гэтыя тэмы абмеркавалі на сустрэчы прэм'ер-міністр Беларусі і кіраўнік расійскага рэгіёна. Дарэчы, у свой час ставілася задача - тавараабарот у мільярд долараў. Як дасягнуць высокай адзнакі - абмяркуюць заўтра. У Мінску 13-ы раз пройдзе савет дзелавога супрацоўніцтва. Такі фармат, нягледзячы на лічбу, госці з Расіі лічаць паспяховым: па вопыце з Беларуссю падобныя сустрэчы сталі праводзіць і з іншымі краінамі.













