Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Міжнароднага алімпійскага камітэта

30 июня 2019

Шматлікія высокія госці сёння прыбываюць у Мінск, каб прысутнічаць на цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Томас Бах адзін з іх. На сустрэчы абмяркоўвалася далейшае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з гэтай міжнароднай арганізацыяй па лініі алімпійскага руху. Размова атрымалася вельмі цёплай. Яе пачалі з уражанняў і асабістай гісторыі ўраджэнца Германіі Томаса Баха, звязанай з Мінскам.

Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта адзначыў арганізацыю Еўрапейскіх гульняў, а таксама паспяховае выступленне беларускай каманды. Паводле яго слоў, для ўсіх жыхароў краіны гэта падстава для гонару. Аб тым, што Беларусь адкрытая краіна, якой ёсць што паказаць свету, Прэзідэнт заявіў на сустрэчы з генеральным сакратаром Сусветнай турысцкай арганізацыі. Зураб Палалікашвілі прыехаў да нас упершыню. Беларусь з'яўляецца членам Сусветнай турысцкай арганізацыі з 2005 года. Гэтая глабальная пляцоўка ў структуры ААН аб'ядноўвае 158 дзяржаў.

Сусветная турысцкая арганізацыя мае намер актыўна развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю і прапануе ўжо ў наступным годзе правесці міжнародны форум па экалагічным і агратурызме менавіта ў нас. Наша краіна ў гэтым сэнсе можа стаць выдатным прыкладам таго, як трэба развіваць гэты кірунак. А вопыт Мінска ў арганізацыі і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў будзе карысны для выпрацоўкі рэкамендацый іншым краінам у галіне спартыўнага турызму.   І яшчэ адну сустрэчу ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка правёў з Міністрам па пытаннях аднаўлення Японіі Хіраміці Ватанабэ. Беларусь прапануе павышаць узровень адносін з гэтай краінай, нягледзячы на адлегласць паміж дзяржавамі.

Японія была адной з першых краін, якая працягнула нам руку дапамогі пасля чарнобыльскай аварыі. Сур'ёзныя сумесныя напрацоўкі ёсць па пытаннях пераадолення розных катастроф. Гэта аказалася дарэчы самой Японіі. Але прыйшоў час узмацніць агульную эканоміку. Паводле слоў госця, які вечарам наведае цырымонію закрыцця Гульняў, спартыўны форум спрыяў аб'яднанню краін і народаў. Вось ужо сапраўды той выпадак, калі спорт аб'ядноўвае і атлетаў, і балельшчыкаў, і палітыкаў, спрыяючы дыялогу з міжнароднымі партнёрамі.