Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком групы кампаній ЕРС Group

21 ноября 2016

Cтраны Еўрасаюза ўваходзяць у топ-10 інвестараў у эканоміку Беларусі. З адным з іх - прадстаўніком нямецкага бізнесу - сёння сустрэўся Аляксандр Лукашэнка. Енс Хенкель - кіраўнік групы кампаній ЕРС Group, яго прадпрыемствы спецыялізуюцца на аказанні кансалтынгавых, праектных і будаўнічых работ. Асноўная сфера дзейнасці - будаўніцтва пад ключ прамысловых установак у галіне нафтахіміі, хіміі і фармацэўтыкі. 90 % інжынірынгавых і кансультацыйных паслуг, што аказваюцца фірмай, прыпадае на рынак Саудаўскай Аравіі, Кітая, Інданезіі, Расіі і Казахстана. Беларусь для кіраўніка кампаній ЕРС Group добра знаёмая, яго жонка родам з Магілёва.

І відавочна, у найбліжэйшы час з нашай краінай яго звяжуць не толькі асабістыя, але і дзелавыя адносіны. Падчас гутаркі Кіраўнік беларускай дзяржавы абмеркаваў з Енсам Хенкелем магчымасць удзелу нямецкай кампаніі ў развіцці прадпрыемства "Магілёўхімвалакно".

Германія - адзін з вядучых знешнегандлёвых партнёраў - традыцыйна ўваходзіць у пяцёрку краін найбольш буйных інвестараў у Беларусь. У нашай краіне зарэгістравана больш за 300 прадпрыемстваў з удзелам германскага капіталу і каля сотні прадстаўніцтваў нямецкіх фірм. За мінулы год з Германіі прыцягнута інвестыцый на суму амаль 100 мільёнаў долараў - 80 % з іх прамыя.

Адны са значных праектаў - будаўніцтва дражджавога завода ў Слуцку і прадпрыемства па вытворчасці металічнага ліста ў Віцебскай вобласці. Вядзецца праца па рэалізацыі кантракта на зборку ў Беларусі збожжаўборачных камбайнаў брэнда CLAAS.