Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэны Маці і пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу

7 марта 2019

Прэзідэнт Беларусі сёння ўручыў дзяржузнагароды шматдзетным маці і заслужаным дзеячам розных сфер, а таксама генеральскія пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу. Урачыстая цырымонія адбылася сёння ў Палацы Незалежнасці.

Ва ўрачыстай і святочнай атмасферы ўшаноўвалі тых, хто прысвяціў сябе дзецям, тых, хто дасягнуў вышынь у кар'еры, і тых, хто вызначыўся сваёй мужнасцю - выратаваў жыцці іншых. У зале амаль чатыры дзясяткі чалавек. Сярод іх шматдзетныя мамы, настаўнікі, ратавальнікі, навукоўцы, хатнія гаспадыні, людзі культуры і мастацтва. Большасць запрошаных у Палацы Незалежнасці ўпершыню. А таму да пачатку ўрачыстай часткі па традыцыі - экскурсія для гасцей. Цёплыя словы Кіраўнік дзяржавы адрасаваў усім удзельнікам урачыстай цырымоніі. Звяртаючыся да прысутных у зале, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: у такіх адданых краіне, сям'і і сваёй справе людзях сіла нашага народа і дзяржавы. Падставай для сустрэчы сталі адразу два святы: Дзень абаронцаў Айчыны і Міжнародны жаночы дзень.

Узнагароджваць дарагіх дам сумесна з іх мужнымі абаронцамі - гэта таксама добрая традыцыя. Ордэн Маці і афіцэрскія пагоны з рук Кіраўніка дзяржавы - прадмет асаблівага гонару для кожнага.

Таксама сёння медалямі адзначылі прафесійныя дасягненні. Былі прысвоеныя і чарговыя воінскія і міліцэйскія званні, адзначана праца работнікаў мытнай службы і юстыцыі. Ну, а пасля ўрачыстай часткі ўсіх гасцей традыцыйна чакаў прыём ад імя Кіраўніка дзяржавы.