Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску

3 июля 2015

Беларусь сёння адзначае галоўнае свята суверэннай дзяржавы - Дзень Незалежнасці і 71-ую гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета свята набыла асаблівую ўрачыстасць. Падстава - круглая дата - 70-годдзе Вялікай Перамогі. Цэнтрам паводле традыцыі стала сталіца. 3 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску.

На плошчы Перамогі сабраліся сотні жыхароў і гасцей сталіцы. Ускласці кветкі да Вечнага агню разам з Кіраўніком дзяржавы прыйшлі прадстаўнікі ўлады, дыпламатычнага корпуса, духавенства розных канфесій, грамадскіх арганізацый, а таксама дзеячы навукі і культуры. Памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне ўшанавалі хвілінай маўчання.

Цырымонія завяршылася ўрачыстым маршам зводнай роты ганаровай варты Ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Беларусі.

Пасля завяршэння цырымоніі на плошчы Перамогі Аляксандр Лукашэнка павітаў прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса. Кіраўнік дзяржавы пагутарыў з ветэранамі і пажадаў ім здароўя.