Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да манумента Перамогі

9 мая 2019

Па традыцыі ў гэта вялікае свята ў цэнтры ўрачыстых падзей плошча Перамогі. Сёння тут сабраліся тысячы беларусаў, каб ушанаваць памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай Вайне.

Вянок да манумента Перамогі ўсклаў Прэзідэнт Беларусі. Побач кветкі ад сыноў Кіраўніка дзяржавы. У цырымоніі ўзялі ўдзел кіраўнікі органаў дзяржкіравання, Нацыянальнага сходу, судовай сістэмы, Савета бяспекі і Узброеных сіл, праваахоўнікі, прадстаўнікі моладзевых і грамадскіх арганізацый, духавенства, замежныя дыпламаты.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх беларусаў, ветэранаў і замежных гасцей з вялікім святам Перамогі. "Ратны подзвіг нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў даў магчымасць дыхаць свабодай, гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму новаму дню. І сёння наш святы абавязак падтрымаць, акружыць клопатам франтавікоў і працаўнікоў тылу. Важна, каб і ўсе наступныя пакаленні ведалі, якую цану заплаціў наш народ за свабоду. Яе каштоўнасць асабліва востра адчуваецца зараз, у сучасных умовах пагрозы глабальнага тэрарызму. Усім краінам неабходна разам змагацца за захаванне міру", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Падзеі лета 1941 года падзялілі гісторыю нашай краіны на да і пасля. Гэту гісторыю павінна несці і маладое пакаленне. Захаваць святую памяць пра кожнага удзельніка вайны - галоўная мэта рэспубліканскай акцыі "Беларусь памятае". Прэзідэнт заклікаў агульнымі намаганнямі зберагчы і ўвекавечыць гераічную спадчыну нашага народа.

"Беларусь памятае". Альбом з такой назвай прадэманстравалі Кіраўніку дзяржавы актывісты БРСМ адразу пасля завяршэння афіцыйнай часткі. У выданні яны сабралі фатаграфіі і кароткія гісторыі аб сваяках, якія ваявалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэты альбом правязуць па шматлікіх гарадах і раённых цэнтрах краіны. Кожны зможа размясціць у ім фатаграфіі сваіх сваякоў. Ужо да Дня Незалежнасці экспанат зойме месца ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.