Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўскладае вялікія надзеі на дзейнасць Міхаіла Бабіча ў Беларусі

10 октября 2018

Перыяд працы новага пасла Расіі ў Беларусі Міхаіла Бабіча павінен стаць самым актыўным і прарыўным. Такую надзею Аляксандр Лукашэнка сёння выказаў падчас сустрэчы з расійскім дыпламатам, які па сумяшчальніцтве мае яшчэ і асаблівы статус спецпрадстаўніка Прэзідэнта Расіі па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Даверчую грамату, якая адзначыла старт місіі, дыпламат уручыў беларускаму лідару некалькі тыдняў таму ў Палацы Незалежнасці, хаця яшчэ раней быў заўважаны падчас перамоў двух прэзідэнтаў у Сочы. Задаўга да прызначэння Бабіча паслом Расіі ў СМІ перыядычна з'яўлялася мноства публікацый. Многія спрабавалі праз асобу пасла спрагназаваць будучыню беларуска-расійскіх адносін. На ўсе гэтыя здагадкі і інсінуацыі Кіраўнік беларускай дзяржавы сёння адказаў вельмі ёміста і дакладна: не дачакаецеся. Аляксандр Лукашэнка ўскладае вялікія надзеі на дзейнасць Бабіча ў Беларусі, якая прывядзе да росквіту двухбаковых адносін.

Ну а галоўнай эканамічнай і палітычнай навіной Саюзнай дзяржавы на гэтым тыдні стане V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які стартуе ў Магілёве. У пятніцу кульмінацыяй маштабнага мерапрыемства стане пленарнае пасяджэнне, у якім возьмуць удзел прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Плануецца, што лідары правядуць і двухбаковую сустрэчу.