Аляксандр Лукашэнка: У свеце няма працы больш самаадданай, чым праца аграрыяў

10 июля 2018

У свеце няма працы больш самаадданай, чым праца аграрыяў. З такіх слоў Кіраўніка дзяржавы сёння пачалося ўрачыстае мерапрыемства ў Бялыніцкім раёне. За значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі і высокія вытворчыя паказчыкі калектыў легендарнага СВК "Калгас Радзіма" ўдастоены падзякі Прэзідэнта. У падарунак - і аўтамабіль "Джылі Атлас". Праца вяскоўцаў заўсёды была па плячы толькі моцным людзям, якія шчыра любяць сваю родную зямлю. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта такія працуюць у гэтай гаспадарцы. Гісторыя "Калгаса Радзіма" стала паказальнай для ўсяго аграпрамысловага комплексу. Сёння нават не верыцца, што перш гаспадарка была стратнай. Пераадолеўшы нялёгкія поры, тут выйшлі на сучасную і паспяховую высокаэфектыўную вытворчасць.

"Радзіма" – гэта моцная гаспадарка ў Бялыніцкім раёне. Тут робяць стаўку на малако і мяса. І маюць лепшыя паказчыкі ў раёне і вобласці. Без малога 40 гадоў гаспадарку ўзначальвае Аляксандр Лапацентаў. Ён натхняе каманду СВК развівацца. Сёння ў "Радзіме" намалочваюць звыш 40 % усяго збожжа ў раёне. Два гады назад тут адбудавалі ферму на 1200 галоў. Яе ўзвялі за кошт уласных сродкаў. І гаспадарка цалкам забяспечвае сябе кармамі. Акцэнты на тэхналогіі вырошчвання - тут выкарыстоўваюць тактыку палоснай сяўбы. Вопыт "Радзімы", інавацыйныя падыходы і гаспадарскае стаўленне да справы павінны быць арыенцірам для ўсяго раёна. Паказчыкі якога ў цэлым не радуюць - за гэта порцыю крытыкі ў свой адрас пачулі і кіраўніцтва вобласці, і мясцовая ўлада.

У СВК развіваюць не толькі вытворчасць, але і сацыяльную сферу. Дзякуючы гэтаму тут, у глыбінцы, выдатныя ўмовы для жыцця і працы. Не горш чым у горадзе. Прыстойныя зарплаты. Таму і больш за палову супрацоўнікаў - гэта моладзь. Кадры гадуюць з дзіцячага садка. Нават "асаблівыя стыпендыі" выплачваюць: бацькам - за добрае выхаванне, вучням - за поспехі ў вучобе. Аб сістэме бонусаў у гэтай гаспадарцы ходзяць легенды - адладжана маштабная сістэма стымулявання. У школе аграгарадка Вішоў, які знаходзіцца на тэрыторыі СВК, імкнуцца максімальна раскрыць патэнцыял і таленты дзяцей. Гэта пацвярджаюць прызавыя месцы на раённых алімпіядах. Больш за 80 % выпускнікоў школы вяртаюцца ў "Радзіму". У гаспадарцы - асаблівая атмасфера. На святы ўсе працаўнікі збіраюцца ў спецыяльна пабудаваным амфітэатры. Ёсць нават свой музей. Яго наведаў Кіраўнік дзяржавы. Тут каля тысячы экспанатаў, якія распавядаюць аб гісторыі гаспадаркі. Сабраны звесткі аб працаўніках роднай зямлі, якія сваімі рукамі стваралі гэтую гісторыю. Ну а перадавікі гаспадаркі ўпрыгожваюць мясцовую алею славы. Яна адкрылася літаральна на днях.