Аляксандр Лукашэнка: У Беларусі і Сербіі - цудоўныя адносіны

29 марта 2018

Мінск ужо даўно стаў сімвалам міру. Узяць, да прыкладу, даўняе сяброўства з Сербіяй.

Наш Прэзідэнт бываў у гэтай краіне чатырохразова. Але там асабліва памятаюць і цэняць гэты момант. 1999 год... У той няпросты час, калі мірныя жыхары апынуліся пад бамбардзіроўкамі НАТА, менавіта Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Белград, каб выказаць падтрымку народу. Беларусь тады асудзіла агрэсараў.

Памятаюць у Сербіі і дапамогу, якую наша краіна аказала пасля страшнай паводкі ў 2014-м. Словам, гэтыя ўчынкі зарадзілі трывалы падмурак сяброўства.

У Беларусі і Сербіі - цудоўныя адносіны. Такімі словамі Аляксандр Лукашэнка сёння пачаў перамовы са спецпрадстаўніком Прэзідэнта Сербіі Небайшам Стэфанавічам. Правесці такую сустрэчу напярэдадні ў тэлефоннай гутарцы беларускага лідара папрасіў кіраўнік балканскай рэспублікі Аляксандр Вучыч. Небайша Стэфанавіч займае пасаду намесніка старшыні ўрада Сербіі, а таксама ўзначальвае Міністэрства ўнутраных спраў. Як падкрэсліў сёння Аляксандр Лукашэнка, народы дзвюх краін вельмі дружныя, а паміж дзяржавамі заўсёды складаліся добрыя адносіны.

Небайша Стэфанавіч таксама паінфармаваў беларускага лідара аб сітуацыі ў Сербіі, асобна ён закрануў апошнія падзеі ў Косаве. Таксама палітыкі падрабязна абмеркавалі актуальныя пытанні супрацоўніцтва і шляхі развіцця міждзяржаўных адносін.

Нагадаем, у гэтай балканскай рэспубліцы дзейнічаюць зборачныя вытворчасці беларускіх трактароў і аўтобусаў. На вуліцах Белграда можна ўбачыць і нашы тралейбусы.

З іншага боку, сербы актыўна інвестуюць і ў буйныя будаўнічыя праекты ў Беларусі. Гэта шматфункцыянальныя комплексы з жылымі дамамі, магазінамі і офісамі.

Летась, у параўнанні з 2016-м, дзяржавам удалося падвоіць тавараабарот - ён склаў амаль 240 мільёнаў долараў. Але спецыялісты дзвюх краін упэўненыя: патэнцыял для павелічэння ўзаемнага гандлю і пашырэння кааперацыі ёсць!

Небайша Стэфанавіч, спецпрадстаўнік Прэзідэнта Сербіі, намеснік старшыні ўрада - міністр унутраных спраў Сербіі: "Для Сербіі важны працяг эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Існуе вельмі шмат сфер, у якіх мы можам пашырыць супрацоўніцтва і нарасціць узаемны тавараабарот. Не менш важна і тое, што я перадаў асабістае запрашэнне Прэзідэнта Вучыча Прэзідэнту Лукашэнку ў наступныя некалькі месяцаў наведаць Сербію. Для нас гэта будзе вельмі важны візіт".

Вядома, што запрашэнне наведаць Сербію Прэзідэнт Беларусі прыняў. Канкрэтныя тэрміны візіту будуць узгодненыя па дыпламатычных каналах.