Аляксандр Лукашэнка: Мэты вучэнняў "Захад-2017" дасягнутыя

20 сентября 2017

Мэты вучэнняў "Захад-2017" дасягнутыя. Сёння пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі. За манеўрамі Аляксандр Лукашэнка назіраў з наглядальнай пляцоўкі палігона Барысаўскі.

Аляксандр Лукашэнка наведаў дапаможны пункт кіравання рэгіянальнай групоўкай войскаў Беларусі і Расіі, а таксама першай танкавай арміяй Заходняй ваеннай акругі Узброеных Сіл Расіі. Прэзідэнту далажылі аб развіцці ваенна-палітычнага становішча ў Еўрапейскім рэгіёне і яго ўплыве на бяспеку Саюзнай дзяржавы. На палігоне, дзе адпрацоўвалася адбіццё наступлення ўмоўнага праціўніка і правядзенне контратакі, прысутнічала кіраўніцтва інтэграцыйных структур - Саюзнай дзяржавы, СНД, АДКБ, замежныя назіральнікі і дыпламаты. Пасля Прэзідэнт выступіў перад асабовым складам. Вучэнні "Захад-2017" Кіраўнік дзяржавы назваў самым значным і маштабным мерапрыемствам па ўзаемадзеянні Узброеных сіл дзвюх краін.

Кіраўнік дзяржавы пагутарыў з журналістамі, падзяліўся сваімі ўражаннямі. Мэты вучэнняў "Захад-2017" дасягнутыя, у цэлым Прэзідэнт не заўважыў якіх-небудзь недахопаў па ходзе манеўраў. Кіраўнік дзяржавы распавёў, што ён і яго калега Уладзімір Пуцін загадзя вызначыліся з паасобным удзелам у вучэннях "Захад-2017". А вось спробу дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх вучэнняў Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі непрафесійнай.

"Тыя, хто рабіў спробы дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх вучэнняў, хоць бы навучыліся гэта рабіць па-сапраўднаму. Пры колькасці беларускай арміі ў 75 тысяч прысутнасць некалькіх тысяч расійскіх войскаў у Беларусі нічога б не змяніла. Калі нам трэба вырашаць нейкія праблемы, мы іх будзем вырашаць, і ў выпадку нейкага сутыкнення на заходнім кірунку інтарэсы Расіі і Беларусі першым чынам пачынае абараняць і ўступае ў вайну беларуская армія. І праз некаторы час па задумцы і нашых ваенных планах сюды імгненна падключаюцца часці Узброеных Сіл Расіі", - адзначыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што спроба дыскрэдытацыі была вельмі непрафесійнай. "Але давайце пачакаем, што яны будуць гаварыць пасля таго, як усе Узброеныя сілы, і Расіі, і нашы, апынуцца ў месцах свайго пастаяннага знаходжання.

Прэзідэнт аб’явіў падзяку ўсяму асабоваму складу, які прыняў удзел у сумесных стратэгічных вучэннях "Захад-2017" на беларускай тэрыторыі.