Аляксандр Лукашэнка: Справядлівасць павінна ляжаць у аснове ўсіх дзеянняў улады

19 августа 2019

Пра гэта Прэзідэнт заявіў сёння,  узгадняючы прызначэнні кіраўнікоў мясцовай вертыкалі. Абнавіўся пул кіраўнікоў у Магілёўскім рэгіёне. Новыя кіраўнікі раёнаў у Бялынічах, Дрыбіне і Чавусах. Рух па кар'ернай лесвіцы прыпаў як раз на самы гарачы час - ідзе ўборачная кампанія. У зоне ўвагі кіраўнікоў з першага дня павінны быць усе пытанні - не толькі сельская гаспадарка, але і прамысловасць. Плюс граматная праца з людзьмі.

Важныя кадравыя змяненні закранулі і палітычны штаб. Аляксандр Лукашэнка прызначыў Андрэя Кунцэвіча намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Раней ён  на пазіцыі намесніка  курыраваў пытанні ідэалогіі і сацыякультурнай сферы ў Магілёўскім аблвыканкаме. Зараз будзе адказваць за ідэалогію, працу грамадскіх аб'яднанняў і СМІ ў маштабе ўсёй краіны. Пры прызначэнні Кіраўнік дзяржавы гаварыў пра неабходнасць больш шчыльна працаваць з моладдзю,  ідзе сур’ёзная барацьба за "маладыя розумы", у тым ліку і ў глабальнай Сетцы. Частка даручэнняў тычылася і будучых парламенцкіх выбараў. Адміністрацыі Прэзідэнта  даручана, не ўмешваючыся ў кампетэнцыю Цэнтрвыбаркама, забяспечыць ідэалогію гэтай кампаніі. 

Уменне працаваць з людзьмі,  разуменне запытаў грамадства  плюс журналісцкі вопыт - усё гэта стане добрай дапамогай на новай пасадзе. Паводле слоў Андрэя Кунцэвіча, сучасным выклікам і пагрозам можна супрацьпаставіць кансалідацыю і адзінства грамадства на аснове ўзважанай, разумнай і справядлівай дзяржпалітыкі.

Андрэй Кунцэвіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Галоўнае, на што звярнуў увагу падчас прызначэнняў Прэзідэнт,  гэта праца з людзьмі, вырашэнне іх надзённых праблем, што з'яўляецца па сутнасці першараднай задачай кіраўнікоў любога ўзроўню. Трэба не хавацца ад вострых пытанняў, якія хвалююць нашых людзей, а сумесна шукаць шляхі іх вырашэння, выкарыстоўваючы любыя актуальныя каналы для зваротнай сувязі. Гэта, мабыць, ёсць галоўная задача ідэалагічнай вертыкалі ўлады на сёння".

Кадравая ратацыя закранула Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Там змяненні на ўзроўні намеснікаў кіраўніка ведамства.