Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку ў Баранавіцкі раён

22 марта 2019

Дарогі і жыллё, зарплаты і пенсіі, умовы жыцця ў малых гарадах, а таксама перапрацоўка другаснай сыравіны, якая можа беларусаў зрабіць багацейшымі. Гэтыя і іншыя тэмы паднімаліся сёння Прэзідэнтам падчас рабочай паездкі ў Баранавіцкі раён.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка вывучыў форумы, прааналізаваў сабраныя апытанні і сёння адказаў на самыя праблемныя пытанні і даў шэраг даручэнняў. У цэнтры ўвагі - эканоміка рэгіёна, а таксама сацыяльная палітыка, галоўная задача якой - скараціць да мінімуму разрыў у якасці жыцця людзей. Размова ў такім фармаце ўжо традыцыя. У фокусе ўвагі - менавіта развіццё раёнаў, малых і сярэдніх гарадоў. Неабходна забяспечыць раўнамернае размеркаванне прадукцыйных сіл у краіне. Акцэнт зроблены на 11 гарадах краіны, дзе ў найбліжэйшыя два гады павінны забяспечыць паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё. Адно з даручэнняў дня - узяць на кантроль пытанні цэн і зарплат.

Да 1 верасня 2020 даручана выйсці на сярэднюю зарплату ў Баранавіцкім раёне ў тысячу рублёў.  Прыезд у Баранавічы - гэта працяг работы па развіцці рэгіёнаў, якая пачалася ў Аршанскім раёне. Падчас нарады падняты цэлы блок пытанняў развіцця горада і рэгіёна. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы арыентаваў вертыкаль улады на плённую працу ў перадвыбарныя гады. Запатрабаваў таксама на працягу двух гадоў прывесці ў парадак дарогі ў раёне. Прэзідэнт заявіў пра намер вярнуцца ў Баранавічы напачатку другога паўгоддзя для рэвізіі работы прадпрыемстваў. Яшчэ адзін акцэнт і на тым, што Баранавічы - горад асаблівы ў транспартнай інфраструктуры Беларусі.

Ведаючы, што ў горадзе Кіраўнік дзяржавы, на месца яго сустрэчы з актывам раёна прыйшло шмат мясцовых жыхароў. Кожны хацеў задаць пытанне Аляксандру Лукашэнку і даведацца яго меркаванне пра горад. Імправізаваная размова доўжылася больш за 20 хвілін. Сярод закранутых тэм - навядзенне парадку і перапрацоўка смецця, павышэнне пенсій і рэзервы дзяржавы для гэтага. А таксама рост цэн. Беларускі лідар заявіў пра намер адрадзіць народны кантроль над гэтай з'явай.

Аляксандр Лукашэнка агледзеў таксама лыжаролерную трасу каля аграгарадка Мір. Аб'ект невыпадкова ўключылі ў план паездкі Кіраўніка дзяржавы. Летась у адным з рэпартажаў АТН паказалі праблемы з экіпіяваннем біятланістаў у СДЮШАР Баранавіцкага раёна. Прэзідэнт убачыў гэты сюжэт і даручыў вырашыць праблемнае пытанне. Гэта стала падставай правесці маніторынг усіх дзіцячых спартыўных школ і выявіць праблемы з іх пераабсталяваннем. Сёння ў Баранавічах ёсць усё неабходнае для заняткаў біятлонам. Ішла размова пра матэрыяльнае заахвочванне эфектыўных трэнераў і паляпшэнне ўмоў для вучняў.