Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з міністрам замежных спраў Аўстрыі

5 июля 2017

На палях форуму Парламенцкай асамблеі АБСЕ Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся і з міністрам замежных спраў Аўстрыі. Себасцьян Курц - дзеючы старшыня Арганізацыі па супрацоўніцтве і бяспецы ў Еўропе. Таму на перамовах абмяркоўваліся не толькі беларуска-аўстрыйскія адносіны, але і агульнаеўрапейскія тэмы і праблемы.

Себасцьян Курц, дзеючы старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Аўстрыі:

"Я лічу вельмі важным пазітыўным сігналам тое, што пасяджэнне Парламенцкай асамблеі АБСЕ праходзіць у Мінску. І я, вядома ж, вельмі рады, што ў нас ёсць магчымасць пагаварыць і аб двухбаковых адносінах паміж Беларуссю і Аўстрыяй. Вы, вядома ж, ведаеце, што аўстрыйскія прадпрыемствы вельмі актыўна працуюць з Беларуссю. Я рады быць тут не толькі ў якасці міністра замежных спраў Аўстрыі, але і дзеючага старшыні АБСЕ. Таму мы можам абмеркаваць з вамі не толькі двухбаковыя тэмы, але і праблематыку АБСЕ, дзе, на жаль, асабліва ў сувязі з украінскім крызісам, вельмі шмат праблем".

Апошнімі гадамі адносіны Мінска і Вены істотна актывізаваліся, у тым ліку і ў эканоміцы. У першай палове 2017 года беларускі экспарт вырас на 43%. Аўстрыйскі бізнес актыўна ўкладвае грошы ў Беларусь. За мінулы год з гэтай краіны паступіла амаль 300 мільёнаў долараў інвестыцыі. Такім чынам, Аўстрыя сярод усіх нашых замежных партнёраў заняла 4 месца па аб'ёме фінансавых укладанняў.