Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў губернатара Бранскай вобласці Расіі

25 ноября 2013
Тавараабарот паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю Расіі ў наступным годзе павінен дасягнуць мільярда долараў. Пра гэта заяўлена сёння на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з губернатарам расійскага рэгіёну. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што наша краіна надае асаблівае значэнне супрацоўніцтву з рэгіёнамі Расіі і адзначыў добрасуседскія адносіны, якія складваюцца ў Беларусі з Бранскай вобласцю.
Развіваючы гэтую тэму, губернатар Бранскай вобласці Мікалай Дзенін таксама звярнуў увагу на добрую дынаміку ўзаемнага гандлю.
Гаворачы аб перспектыўных праектах, Прэзідэнт Беларусі адзначыў наяўнасць сур'ёзнага патэнцыялу супрацоўніцтва ў аграрна-прамысловым комплексе і будаўніцтве. Губернатар Бранскай вобласці падкрэсліў паспяховую працу ўжо створаных сумесных прадпрыемстваў, выказаў зацікаўленасць у развіцці сумеснай перапрацоўкі мяса-малочнай прадукцыі. Цікавы расіянам і вопыт Беларусі па развіцці малых гарадоў.
Сведчаннем таго, што дзве краіны знайшлі новыя пункты судакранання на рэгіянальным узроўні, стала падпісанне ва ўрадзе праграмы развіцця супрацоўніцтва да 2016 года. Адзін з пунктаў пагаднення як раз і прадугледжвае, што ўжо ў наступным годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю павінен перасячы мяжу ў мільярд долараў.
З 2009 года тавараабарот паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю вырас практычна ў пяць разоў і дасягнуў у 2012 амаль 900 мільёнаў долараў. Дарэчы, па гэтым паказчыку Бранская вобласць займае восьмае месца сярод усіх рэгіёнаў Расіі, з якімі супрацоўнічае наша краіна.