Аляксандр Лукашэнка: Нараджэнне Божае - адно з найглыбейшых па сэнсе хрысціянскіх святаў

7 января 2019

Праваслаўныя храмы сёння напоўненыя Божай ласкай і святочнымі спевамі. Свет сустрэў Раство Хрыстовае. Урачыстыя набажэнствы прайшлі ў дзясятках краін на розных мовах. Разам з Рускай праваслаўнай царквой Раство святкуюць Іерусалімская, Польская, Грузінская, Сербская праваслаўныя цэрквы, а таксама афонскія манастыры, стараверы. У такія светлыя дні разам з беларусамі храм наведвае Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка сёння запаліў калядную свечку ў храме-помніку ў гонар Усіх святых. Нагадаем, ён быў адкрыты для вернікаў толькі ў канцы мінулага года і ўжо стаў месцам духоўнага яднання. Узвядзенне святыні доўжылася больш за 20 гадоў. Падчас святочнага набажэнства Аляксандр Лукашэнка адзначыў: Нараджэнне Божае - адно з найглыбейшых па сэнсе хрысціянскіх святаў. Яно сімвалізуе нараджэнне чалавека, якому наканавана здзейсніць подзвіг, ахвяраваць сабою дзеля выратавання людзей. І беларуская гісторыя ведала шмат такіх прыкладаў. А храм у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Бацькаўшчыны нашай паслужылі, увекавечыў памяць тых, хто загінуў, абараняючы Радзіму, у самыя розныя часы. Са святочнай літургіі - наш карэспандэнт Вераніка Бута.

Запаліць калядную свечку Аляксандр Лукашэнка прыехаў сёння ў храм Усіх святых - яго ўзвядзенне працягвалася больш за 20 гадоў. І з канца мінулага года святыня адкрылася для вернікаў. Шмат слоў у яе гонар яшчэ скажуць, але перш - абавязковы прыпынак ля помніка Алексію II.

Менавіта Алексій II, Найсвяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі ў свой час даў благаславенне на гэты храм, у якім сёння асабліва святочна званяць званы. Дарэчы, да канца месяца будзе сабраны ўвесь звонавы ансамбль.

У хрысціянскім календары Раство - адно з галоўных і, мабыць, найглыбейшых святаў. Час, калі прынята выказваць асаблівы клопат і ўвагу таму, хто побач. Калі жаданне любіць, дараваць, жыць у міры і згодзе значна мацнейшае за мітусню будных дзён і штодзённых клопатаў. Раство як сімвал нараджэння чалавека, якому наканавана ахвяраваць сабою дзеля выратавання іншых. І беларусам гэтае пачуццё знаёмае. Каб абараніць Радзіму, каб абараніць свае сем'і, дзяцей і маці, не раз прыходзілася ахвяраваць самым дарагім - жыццём. А таму цаніць мір і сяброўства паміж народамі чарговы раз заклікае Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да вернікаў.

Гэты архітэктурны ансамбль не проста ўпрыгожыў нашу сталіцу, але і згуртаваў народ. Прычым не толькі праваслаўны, але розных канфесій. Дзверы храма адчыненыя сёння для ўсіх, хто пажадае дакрануцца да святыні і ўшанаваць памяць загінуўшых воінаў і ахвяр часоў ліхалеццяў. Духоўны агонь храма захоўвае незгасальная лампада ў крыпце.

Храм-помнік ствараўся на вачах у цэлага пакалення беларусаў. Тады, у сярэдзіне 90-х, закладваючы капсулу з пасланнем нашчадкам і памятнай граматай, Прэзідэнт дае зразумелы ўсяму свету сігнал: свецкая і духоўная ўлады ў Беларусі разам. Як па-іншаму, калі і ў дзяржавы, і ў царквы агульная мэта - росквіт і мір роднай краіны. У 2015 тут дзве тысячы чалавек ва ўнісон заспяваюць малітву за Беларусь. У кастрычніку мінулага года - вялікае асвячэнне Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Зараз памаліцца ў храме свайму нябеснаму апекуну можа кожны.

Храм папоўніўся новай іконай "Раство Хрыстовае" - падарунак ад Кіраўніка дзяржавы. На ёй - пячора горада Віфлеема, у цэнтры кампазіцыі – Божая Маці, у якой на каленах ляжыць немаўля Хрыстос. Вырабілі абраз у майстэрні пры Свята-Елісавецінскім манастыры. І вядома, белыя ружы. Гэта яшчэ адна традыцыя Прэзідэнта - на святочную літургію прыходзіць з кветкамі.

Аляксандру Лукашэнку ўручылі спецыяльны выпуск Евангелля, які быў распрацаваны да асвячэння галоўнага прастола храма.

Разам з Мітрапалітам Паўлам Аляксандр Лукашэнка калядную свечку запальвае ля абраза святога Аляксандра Неўскага. Дабраверны князь быў вядомым ваеначальнікам, разумным уладаром, які прысвяціў сваё жыццё абароне Радзімы.

У гэты светлы дзень хочацца гаварыць пра добрае: паразуменне, дабрабыт, спакой і цеплыню душэўную. Менавіта ў такой простай і нязмушанай атмасферы Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з вернікамі.

У калядныя дні да храма-помніка з'язджаюцца людзі не толькі з усёй краіны, у гасцях у гэтыя дні шмат нашых суседзяў. Храм становіцца месцам духоўнага яднання. У гэты святочны час тут выстаўлены старажытны паклонны крыж-мошчавік. Ён захоўвае часціцу рызы Гасподняй і часціцы мошчаў дваццаці аднаго святога: велікамучаніка і лекара Панцеляімана, блажэннай Матроны Маскоўскай, свяціцеля Залатавуста. Памаліцца ім можна да мая.

А вось славіць нованароджанага Хрыста беларусы будуць аж да свята Вадохрышча. У храмах працягнуць запальваць свечкі - сімвал веры, міру і любові.