Аляксандр Лукашэнка разгледзеў стан спраў на прадпрыемствах "Камволь" і "Мотавела"

17 июля 2015

Мадэрнізацыя адкрытага акцыянернага таварыства "Камволь". Не першы раз Кіраўнік дзяржавы цікавіцца лёсам прадпрыемства. І сёння гутарка ў Прэзідэнта ішла пра бягучы стан спраў і перспектывы. На нараду былі запрошаны прадстаўнікі ўрада і Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня Камітэта дзяржкантролю, мэр Мінска, кіраўнік канцэрна Беллёгпрам і кіраўнік завода.

У снежні 2012 Прэзідэнт наведваў "Камволь", які на той момант з флагмана лёгпрама ператварыўся ў стратнае бесперспектыўнае прадпрыемства. Былі прыняты жорсткія рашэнні - звольнены кіраўнік прадпрыемства, гендырэктар канцэрна "Беллёгпрам" і яго намеснік.

Тады ж Прэзідэнт даручыў правесці мадэрнізацыю "Камволя", якая павінна ператварыць завод ва ўльтрасучаснае прадпрыемства. Сёння Кіраўніку дзяржавы было даложана пра бягучы стан спраў. На прадпрыемстве ўжо зманціравана і працуе частка абсталявання. Аднак, паводле інфармацыі кантралюючых органаў, тэрміны мадэрнізацыі зацягваюцца, павялічваецца кошт будаўніча-мантажных работ. Прэзідэнт даў жорсткае даручэнне прытрымлівацца тэрмінаў, першапачаткова вызначаных. Ужо ў верасні Аляксандр Лукашэнка мае намер наведаць "Камволь", каб пракантраляваць, як завяршаецца мадэрнізацыя.

Сёння падчас рабочай сустрэчы Прэзідэнт абмеркаваў стан спраў яшчэ на адным праблемным прадпрыемстве Мінска. Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў і мэр сталіцы Андрэй Шорац далажылі Кіраўніку дзяржавы пра сітуацыю на Мотавела. Кіраўніцтва завода, які ўзначальвае былы кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, зараз фарміруе бізнес-план на найбліжэйшыя пяць гадоў. Стратэгічная задача - захаванне аднаго з брэндаў нашай прамысловасці і аднаўленне рынку продажаў у Беларусі і за мяжой.

Раней была пастаўлена задача закупіць новае суперсучаснае абсталяванне і правесці тэхнічнае пераабсталяванне прадпрыемства. Разглядаецца таксама варыянт стварэння сумеснай беларуска-кітайскай вытворчасці мотатэхнікі на пляцоўцы ў Мінску.