Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні

22 мая 2018

Гэты аўторак прайшоў пад знакам кадравых рашэнняў Кіраўніка дзяржавы. Абноўлены склад у дыпламатычным корпусе, адукацыі і кіраўніцтве Белтэлерадыёкампаніі. Новыя пасады сёння атрымалі 16 чалавек.

Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне кіраўнікоў Кобрынскага і Ляхавіцкага райвыканкамаў. Імі сталі Міхаіл Грышкевіч і Аляксандр Камінскі. Заканамерна ад мясцовай улады Прэзідэнт патрабуе актыўнага ўдзелу ў аздараўленні АПК. Размова ідзе пра максімальную аддачу, бо новыя пасады - гэта яшчэ і падвойная адказнасць. Усе прадпрыемствы на тэрыторыі раёнаў (незалежна ад формы ўласнасці) зараз знаходзяцца ў іх полі зроку. І тут павінны быць адпаведныя патрабаванні і дысцыпліна.

Кіраўнік дзяржавы таксама прызначыў кіраўнікоў дыппрадстаўніцтваў у краінах Еўрапейскага саюза. Экс прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык з гэтага часу пасол Беларусі ў Швецыі. Яго калега Аляксандр Лукашэвіч – пасол Беларусі ў Балгарыі і па сумяшчальніцтве ў Грэцыі і Кіпры. Вячаслаў Качанаў узначаліць дыпмісію ў Эстоніі.

Новыя асобы і ў сферы вышэйшай адукацыі. Кіраўнік дзяржавы сёння прызначыў Генадзя Пальчыка рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Ён пакінуў пасаду кіраўніка Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. Вадзім Богуш зараз рэктар БДУІР, а Аляксандр Драган - Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Кадравыя змяненні і ў структуры галоўнага медыяхолдынга краіны. Сяргей Гусачэнка прызначаны намеснікам Старшыні Белтэлерадыёкампаніі. Працу на тэлебачанні пачаў 13 гадоў таму менавіта з Агенцтва тэленавін. Доўгія гады працаваў у прэзідэнцкім пуле, быў уласным карэспандэнтам ва Украіне. Здымаў рэпартажы ў самых розных пунктах планеты - ад Брытаніі да Пакістана. За гэты час прайшоў усе прыступкі творчай працы - ад карэспандэнта і палітаглядальніка да загадчыка аддзела, намесніка, а пазней і дырэктара галоўнай дырэкцыі АТН.