Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння праводзіць нараду па падрыхтоўцы і правядзенні чэмпіянату свету па хакеі. Сусветнае першынство пройдзе з 9 па 25 мая 2014 года ў Мінску. Ужо падрыхтаваны план мерапрыемстваў па яго правядзенні, распрацаваная нарматыўная прававая база, якая датычыцца ў тым ліку бязвізавага ўезду і часовага знаходжання ў краіне ўдзельнікаў чэмпіянату і замежных турыстаў на час яго правядзення. Чэмпіянат пройдзе ў двух лядовых комплексах - Мінск-Арэне і Чыжоўка-Арэне.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, неабходна арганізаваць першынство на самым высокім узроўні, бо гэта не проста спартыўная падзея. Ад таго, як мы правядзём турнір, будзе залежаць імідж Беларусі ў вачах сусветнай супольнасці.