Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу са старшым віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка

29 марта 2017

Праекты ў сферы аховы здароўя, ЖКГ і энергетыкі - гэта толькі некаторыя пункты новай стратэгіі партнёрства Беларусі і Сусветнага банка на наступныя 4 гады.

Пра перспектывы ўзаемнага супрацоўніцтва сёння ішла гутарка на перамовах Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з топ-менеджарамі гэтай уплывовай фінансавай арганізацыі. У Мінск на два дні прыляцелі старшы віцэ-прэзідэнт па аперацыйных пытаннях Кайл Пітэрс і віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сірыл Мюлер. Кіраўнік дзяржавы выказаў падзяку замежным гасцям за ўстаноўлены ўзровень супрацоўніцтва. У ключы канструктыўнага дыялогу бакі маюць намер працаваць і далей. Сусветны банк гатовы і надалей садзейнічаць Беларусі ў павышэнні канкурэнтаздольнасці прадукцыі, дыверсіфікацыі і мадэрнізацыі вытворчасцяў.

Беларусь і Сусветны банк супрацоўнічаюць ужо чвэрць стагоддзя. За гэты час партфель інвестыцый перавысіў паўтара мільярда долараў. Больш за ўсё сродкаў пайшло на абнаўленне транспартнай сістэмы агульнай сумай 400 мільёнаў долараў. Удасканаленне айчынных ЦЭЦ - 215 мільёнаў. У гэтым спісе таксама праекты ў адукацыі і водазабеспячэнні.