Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з Мар'янай Шчоткінай

17 июля 2018

Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з Мар'янай Шчоткінай - нацыянальным каардынатарам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Як адзначыў Прэзідэнт, альтэрнатывы працы па дасягненні Мэт устойлівага развіцця няма, а ў іх рэалізацыі зацікаўлена кожная дзяржава.

Мэты ўяўляюць сабою 17 пунктаў, рэалізацыя іх разлічаная да 2030 года. У прыватнасці, гэта паўсюдная ліквідацыя галечы, гарантаванне харчовай бяспекі, доступу да крыніц энергіі і гендарнай роўнасці. Усе дзяржавы самастойна распрацоўваюць праграмы для ўстойлівага развіцця, арыентуючыся на агульны дакумент, прыняты Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый. Беларусь ужо зрабіла шэраг важных крокаў у гэтым кірунку. На думку Мар'яны Шчоткінай, для нашай краіны актуальна ўлічваць глабальныя мэты пры распрацоўцы дакументаў самага высокага ўзроўню. Важна таксама правесці кампанію для інфармавання грамадства, у першую чаргу маладых людзей. Плануецца правядзенне нацыянальнага форуму па Мэтах устойлівага развіцця з удзелам прадстаўнікоў улады, грамадзянскай супольнасці, бізнесу і акадэмічных колаў.

Паводле інфармацыі нацыянальнага каардынатара, сёння Беларусь займае асаблівае месца ў еўрапейскім рэгіёне, сярод краін СНД і былога Савецкага Саюза, паколькі лідзіруе ў арганізацыі працы па ўстойлівым развіцці. Таксама падчас рабочай сустрэчы абмеркавалі і іншыя кірункі працы Мар'яны Шчоткінай. У прыватнасці, кіраўніцтва буйной грамадскай арганізацыяй - Саюзам жанчын - і куратарства над выкананнем дэкрэта аб садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Базу даных не занятых у эканоміцы грамадзян плануюць апрабаваць ужо ў верасні. Пра гэта Мар'яна Шчоткіна распавяла журналістам па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам. Рабочыя групы, якія павінны дасканала валодаць сітуацыяй на сваёй тэрыторыі, ужо прайшлі навучанне ва ўсіх рэгіёнах. Самае галоўнае - пазбегнуць памылковых рашэнняў.

На сайце Мінпрацы ўжо даступная для запампоўкі праграма падрыхтоўкі і накіравання электронных дакументаў. Праз яе арганізацыі змогуць у анлайн-рэжыме перадаваць звесткі пра занятае ў эканоміцы насельніцтва. Паралельна адпаведную магчымасць арганізуе і Нацыянальны цэнтр электронных паслуг. Фізасобам падаваць свае звесткі не трэба.