Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з эканамічным блокам урада

21 мая 2019

Такія сустрэчы традыцыйныя і патрэбныя для таго, каб аператыўна абмяркоўваць актуальныя пытанні. Першы квартал пройдзены, ужо зразумела, як стартаваў для нас 2019. Ёсць неабходнасць дыягнаставаць стан і праблемы эканомікі на ранняй стадыі, каб своечасова ліквідаваць іх, не чакаючы канца года. Сярод пытанняў, што абмяркоўваліся, некалькі ключавых акцэнтаў: дынаміка росту ВУП з выхадам на прагнозныя паказчыкі па выніках 12 месяцаў. Другі важны блок - экспарт і паступленне валютнай выручкі ў краіну. Ад гэтага напрамую залежыць рытмічная праца эканомікі і дабрабыт беларусаў. Размова ішла пра дыверсіфікацыю гандлю і супрацоўніцтва з нашымі асноўнымі партнёрамі. Прэзідэнт звярнуў увагу ўрада на недапушчальнасць зацягвання рашэнняў па самых адчувальных пытаннях.

Па выніках 4 месяцаў рост эканомікі склаў 1,4 %. Гэта адпавядае чаканням урада. Кожны месяц дабаўляем, па паўгоддзі плануюць выйсці на лічбу росту ў 1,8 %. Ва ўрадзе пачулі і ўлічаць крытыку Кіраўніка дзяржавы наконт нізкіх тэмпаў экспарту. Нягледзячы на тое, што сальда лепшае, чым летась, разам з дзяржорганамі прыйдзецца прыняць дадатковыя меры, каб нагнаць. Вырашаючы гэтую задачу, будуць разглядаць таварную і краінавую дыверсіфікацыю гандлю. Што тычыцца сітуацыі вакол паставак так званай бруднай нафты з Расіі, то гэта пытанне будзе сярод тых, якія плануецца абмеркаваць на сустрэчы беларускага прэм'ера з кіраўніком расійскага ўрада Дзмітрыем Мядзведзевым. Яна запланавана на гэту пятніцу.

Сяргей Румас, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Практычна ўзгоднена дарожная карта з РФ. І некаторыя яе пункты ўжо выконваюцца абодвума бакамі, нягледзячы на тое, што яна яшчэ не фармалізаваная. У гэтай дарожнай карце ўтрымліваецца ўвесь пералік мер, які дазволіць, па-першае, вырашыць пытанне адпампоўвання з труб некандыцыйнай нафты і аднавіць транзіт у бок Заходняй Еўропы. Другі блок пытанняў - гэта кампенсацыя Беларусі ў сувязі са стратамі, панесенымі ў выніку гэтага інцыдэнту".

Будзе працягнута праца і над тым, каб пастаўкі беларускай аграпрадукцыі на саюзны з Расіяй рынак ішлі ў спакойным рэжыме. Пакуль ёсць пытанні. Пад поўнай або частковай забаронай харчаванне з 6 дзясяткаў нашых прадпрыемстваў. Аргументы з Расіі гучаць непераканаўча, эксперты бачаць у дыскрымінацыі нядобрасумленную канкурэнцыю і лабізм уласных вытворцаў насуперак саюзным абавязацельствам. Пры гэтым ва ўрадзе адзначылі, што ўся вырабленая ў Беларусі сельскагаспадарчая прадукцыя прадаецца на ўнутраным або на знешніх рынках.