Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з актывам Магілёўскай вобласці

25 апреля 2014

Падцягнуць паўднёва-ўсходнія рэгіёны Магілёўскай вобласці да ўзроўню перадавых. Гэта патрабаванне Прэзідэнта. Даць людзям працу і годную аплату працы. Каб іх жыццё не адрознівалася ад жыцця ў Горках, Шклове, на поўначы вобласці. І тут патрэбен комплексны падыход. Кіраўнік дзяржавы падвёў вынікі выканання даручэння, дадзенага ў 12-м годзе, ужо на нарадзе з актывам вобласці.


Расказвае Сяргей Хамянтоўскі: Традыцыі наведваць у дзень чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльска АЭС пацярпелыя рэгіёны Кіраўнік дзяржавы не здраджвае ўжо на працягу 19 гадоў. Пасля грунтоўнай размовы на зямлі, наступным прыпынкам у маршруце Прэзідэнта стаў Клімавіцкі райвыканкам.


У зале калегій - члены ўрада і рэгіянальная вертыкаль. На Магілёўшчыне Прэзідэнта чакалі. Яшчэ два гады назад Аляксандр Лукашэнка даваў даручэнне аблвыканкаму распрацаваць комплексную праграму развіцця паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці. Дзяржава нямала ўклала ў аднаўленне гэтых земляў. Надышоў час іх эканамічнага адраджэння. І ў першую чаргу вытворчага патэнцыялу.


Аднак за абяцаннямі мясцовых улад рэальных крокаў не было. Рэгіён як быў у адсталых, так і застаўся ў хвасце. З 2010 года чарнобыльскія грошы перадалі з цэнтра ў рэгіёны. Маўляў, на месцах эфектыўнасць будзе лепш. Вобласць атрымала ў выглядзе субвенцый амаль 400 мільярдаў рублёў. Сёння чыноўнікам Прэзідэнт задаў лагічнае пытанне - дзе эфект? У эканамічным развіцці рэгіёну не ўсё добра. Два прамысловыя гіганты - Крычаўцэменташыфер і Беларускі цэментны завод нясе страты.


Ёсць праблемы і з будаўніцтвам жылля. Яшчэ больш пытанняў да сяла. Першым за трыбуну стаў губернатар. У аснове праграмы развіцця паўднёвага ўсходу вобласці павінна быць здаровая эканоміка, лічыць Пётр Руднік. Аздараўленне прапаноўвае пачаць з прамысловых гігантаў па вытворчасці будматэрыялаў. Калі б яны працавалі добра, то цэмент цалкам мог бы стаць для Магілёўшчыны і нафтай, і газам, у плане прыбытку, вядома.


Яшчэ большы патэнцыял рэгіёну - у сельскай гаспадарцы. У вобласці атрымаў развіццё новы вытворчы кірунак - аквакультура. У Быхаве, Касцюковічах арганізавалі гадавальнікі па вырошчванні каштоўных парод рыб. Гэтую эстафету падхапілі Краснаполле, Слаўгарад і Чэрыкаў. Сур'ёзная праца праведзена і на зямлі. Сучасныя тэхналогіі дазволілі на забруджаных землях вырабляць чыстыя прадукты. З інвестыцыямі і тэхналогіямі сюды прыйшоў буйны малочны перапрацоўшчык.


Сваім рэцэптам як рэгіён са стабільна апошняга зрабіць перадавым падзяліўся і выхадзец Магілёўшчыны, міністр эканомікі Мікалай Снапкоў. Палітыка развіцця чарнобыльскіх земляў арыентаваная на стварэнне гібкіх прадпрыемстваў, якія працуюць на ўласнай сыравіне. Ім, а не гігантам, прыгатавана роля горадаўтваральных. Канцэнтрацыя працоўных месцаў, тэхналогій і маладых спецыялістаў. У такіх умовах само паняцце чарнобыльскіх рэгіёнаў пачне адміраць.


Эканоміка, дарэчы, дапаможа вырашыць для мясцовага насельніцтва важныя сацыяльна значныя пытанні. Стварыць тут новыя вытворчасці - значыць даць магчымасць гэтым раёнам самастойна паляпшаць сваё жыццё. Годная зарплата, новыя працоўныя месцы - гэта шлях да рашэння асноўных сацыяльных задач.


Дзяржава нямала ўклала ў аднаўленне і адраджэнне гэтых земляў. 20 мільярдаў долараў з 1986 года. Грошы немалыя. Дарэчы, лічба ўрону ў 10 разоў большая. Зрэшты, і час, і грошы, канвертаваныя ў рэабілітацыю, знізілі вастрыню праблемы, і сёння аб уплыве Чарнобыля на Беларусь мы ўспамінаем часцей за ўсё толькі напярэдадні 26 красавіка. Аляксандр Лукашэнка лічыць, для адраджэння, у першую чаргу эканамічнага, патрэбна праграма з дзяржаўным статусам. Бо нешта такое ўлады ўжо рабілі на Прыпяцкім Палессі.


Прэзідэнт патрабуе карэнным чынам змяніць сітуацыю на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці. Адгэтуль ужо не з'язджаюць людзі, тут ствараюць сем'і і не баяцца нараджаць дзяцей. І галоўным становіцца не пытанне іх абароны, а наяўнасць годнай працы. Менавіта на стварэнне прамысловасці неабходна накіраваць асноўныя намаганні. Бо пасля чарнобыльскай катастрофы краіна страціла 126 вытворчасцяў.