Аляксандр Лукашэнка правёў нараду наконт развіцця СЭЗ

27 декабря 2016

Умовы для беларускіх свабодных эканамічных зон на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза трэба зрабіць як мінімум раўнацэннымі. Пра гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе наконт развіцця СЭЗ.

З 1 студзеня ўмовы працы рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон істотна змяняюцца. Прынятыя ў рамках ЕАЭС дакументы касуюць некаторыя мытныя льготы. У гэтай сувязі ўрад падрыхтаваў праект указу, дзе адлюстраваныя прапановы для павышэння інвестпрывабнасці СЭЗ і стымулявання актыўнасці рэзідэнтаў. Сярод іх - вызваленне ад арэнднай платы за зямельныя ўчасткі да канца 2019 года, паніжэнне парогу аб'ёму інвестыцый пры рэгістрацыі ў СЭЗ з аднаго да паўмільёна еўра і пашырэнне меж СЭЗ - Брэст, Віцебск і Гроднаінвест. Цяперашнюю аддачу ад працы СЭЗ у Беларусі Кіраўнік дзяржавы назваў недастатковай. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і ў плане прытоку інвестыцый няма чаканага выніку.

Падрабязнасцямі больш як двухгадзіннай дыскусіі з журналістамі падзяліўся міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі. Ініцыятывы ўрада Кіраўнік дзяржавы падтрымаў, акрамя таго, рэзідэнтам свабодных эканамічных зон падоўжаныя тэрміны прэферэнцый.

Сёння ў Беларусі дзейнічаюць 6 свабодных эканамічных зон. Рэзідэнты - амаль паўтысячы арганізацый, у якіх працуюць 124 000 чалавек. Гэта 4,3% ад колькасці занятых у эканоміцы краіны. Тэмп росту выпуску прампрадукцыі ў СЭЗ значна перавышае сярэднерэспубліканскі ўзровень. За 9 месяцаў года аб'ём вытворчасці склаў больш за 7,5 мільярда рублёў, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыўся на 24%.