Аляксандр Лукашэнка правёў селектарную нараду па ўборачнай-2019

23 Ліпеня 2019

Масавую ўборачную на палях краіны трэба завяршыць за 20 дзён. Арыенцір на ўраджай 9,5 мільёна тон.

Рэальнае становішча на месцах, гатовасць тэхнікі, забяспечанасць палівам і кадрамі абмяркоўвалі сёння на рэспубліканскай селектарнай нарадзе. На прамой сувязі з Палацам Незалежнасці ўсе рэгіёны краіны. Даклады па чарзе з кожнай вобласці. Галоўнае зараз - сканцэнтравацца на праблемах. Гарачая пара толькі набірае абароты і абяцае быць няпростай. Сёлета праз надвор'е тэхніку масава вывелі на 10 дзён пазней за звычайнае. Таму асобныя віды палявых работ зараз яшчэ і перасякаюцца ў тэрмінах. У напружаным графіку да традыцыйнага жніва дадаліся другі ўкос травы і ўборка льну. Поўная мабілізацыя высілкаў і максімальная канцэнтрацыя - толькі так магчыма ў складаных умовах нарыхтаваць хлеб якасна і без страт.

У размове з губернатарамі - аналіз ураджайнасці і тэмпаў працы. Асаблівая ўвага на недапушчэнне страт. На палях можа застацца каля паўмільёна тон збожжа. Такую якасць уборкі дапусціць нельга. У кожным рэгіёне свае асаблівасці і свой вопыт, які трэба распаўсюджваць. Да прыкладу, у Віцебскай вобласці нядаўна выпрабавалі новы гатунак гібрыднага жыта. Культура сябе паказала вельмі годна ў няпростых умовах надвор’я, зараз будзе выкарыстоўвацца больш шырока.

Таксама сярод актуальных задач - папоўніць кармавыя запасы ў кожнай гаспадарцы, сабраць у дзяржрэзерв не меней за паўмільёна тон збожжа, актыўна працаваць з новымі тэхналогіямі. Асобная ўвага дысцыпліне. Тут зона адказнасці кантралюючых органаў. Іх кіраўнікі таксама прымалі ўдзел у рэспубліканскім селектары.


Папулярныя

Рэкамендуемыя