Аляксандр Лукашэнка правёў рэспубліканскую нараду

10 декабря 2013

За стужкамі афіцыйных навін сёння беларусы сачылі асабліва ўважліва. Такая цікавасць абумоўлена пытаннямі, якія ўзнімаліся на вышэйшым узроўні, - праблемы ў будаўнічай галіне і праца з кіруючымі кадрамі. Нездарма сённяшнюю нараду ў Палацы Незалежнасці Кіраўнік дзяржавы назваў знакавай падзеяй. Найбольш надзённыя і значныя для людзей пытанні Прэзідэнт бярэ пад асабісты кантроль.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што будаўнічая галіна ў цэлым і жыллёвае будаўніцтва ў прыватнасці - тыя сферы, ад працы якіх напрамую залежаць лёсы шматлікіх людзей. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на канкрэтных пунктах, аб якіх чыноўнікаў гатовы спытаць кожны з нас: тыпавы дагавор, кошт квадратнага метра, размеркаванне зямельных участкаў, праца праектных арганізацый. Тут жа якасць жылля і даступнасць крэдытаў. І самае галоўнае - сумленнасць. Тое, за што заўсёды стаіць Прэзідэнт. Неабходна выкараніць іржу карупцыі ў галіне.

Кіраўнік дзяржавы падкрэслівае, што вырашэнне праблем у будаўніцтве - адно з пытанняў выжывальнасці дзяржавы. Задача, якую ставіць перад чыноўнікамі Аляксандр Лукашэнка, з аднаго боку простая - забяспечыць беларусаў квадратнымі метрамі. З другога, амаль непад'ёмная на погляд многіх, хто прывык да таго, што ўласнае жыллё - пытанне далёкай перспектывы. Патрэбныя стратэгічныя, дакладныя рашэнні. Менавіта на гэта акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт, гаворачы, у тым ліку, і аб кадрах. Хто будуе? Пытанне ўцечкі прафесіяналаў, кваліфікацыі работнікаў галіны. Пытанне прафесійных кіраўнікоў урэшце.


Расказвае Алеся Высоцкая: Ніякай вады і самасправаздач, запатрабаваў Прэзідэнт. І прапанаваў выказацца ўсім. Пра тое, якой можа стаць будаўнічая галіна краіны, распавёў прэм'ер Міхаіл Мясніковіч. Яго меркаванне - патрэбна дысцыпліна, граматнае планаванне і прадуманыя бізнес-планы, прафпрыдатнасць, выключэнне непрафесіяналаў на рынку, практыка электронных таргоў.


Ва ўрада ёсць шэраг прапаноў. Змяненне парадку фінансавання і разлікаў будаўніцтва. У ідэале, на думку ўрада, плаціць толькі за зробленую працу. З прапаноў таксама максімальнае выкарыстанне ў будаўніцтве айчынных матэрыялаў, патанняючы праекты і падтрымліваючы адначасова беларускага вытворцу.


2,5 мільёна жылых квадратных метраў плануюць пабудаваць у наступным годзе з дзяржпадтрымкай. Нацбанк і ўрад будуць вырашаць пытанне даступнасці крэдытаў для тых, хто стаіць на чарзе і ў жыллі мае патрэбу. Каб актывізаваць іпатэку, прапаноўваецца ўнесці змяненні ў Жыллёвы кодэкс.


Камітэт дзяржкантролю як заўсёды паказаў на памылкі і праблемы. Кіраўнік ведамства спыніўся на цэнаўтварэнні. Дзяржкантроль зараз вывучае і розныя нарматыўныя дакументы, каб выключыць шчыліны ў заканадаўстве. На кантролі таксама праблемныя дамы, будаўнічыя прыпіскі, скажэнне статыстыкі.


Што перашкаджае развівацца будкомплексу сталіцы і што трэба для стабільнага функцыянавання? Пра гэта гаварыў і Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. На першы план выходзіць дысцыпліна і якасць, а таксама праца з інвестарамі. Мікалай Ладуцька - прафесійны будаўнік. І сам калісьці працаваў у розных будаўнічых арганізацыях, кіраваў УКБам. Лічыць, што ўцечку кадраў можа спыніць кантрактная сістэма, а парадак у галіне навесці дапаможа атэстацыя і жорсткі кантроль.


Мінская вобласць. У праблемах будгаліны разбіраецца ўжо новы старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра.


Адно з пытанняў - як удасканаліць дзейнасць праектных арганізацый, каб тэрміны не зацягваліся і не прыходзілася ўносіць змяненні ў праект ужо ў працэсе будаўніцтва. Адна з праблем, гаворыць кіраўнік інстытута Мінскграмадзянпраект, таннае праектаванне, а яно вядзе да доўгага будаўніцтва. Тым часам праекціроўшчыкі, якія дэмпенгуюць на рынку, не заўсёды выконваюць свае абавязацельствы.


Далей па вертыкалі ў будгаліне - падрадныя арганізацыі. Іх прадставіў Міхаіл Водчыц - гендырэктар будтрэста № 8. Як вядома, часта даўгабуд становіцца такім з-за няўзгодненай працы падрадчыка і праекціроўшчыка.


У галіне ідзе мадэрнізацыя. Яе галоўная задача - зрабіць прадукцыю новай, канкурэнтаздольнай, пры гэтым знайсці шляхі паніжэння сабекошту прадукцыі, каб прадаць тавар з добрай дабаўленай вартасцю. Пытанні ў Кіраўніка дзяржавы былі і да вытворцаў.


Такім чынам, зроблены фактычна поўны зрэз па выканаўчай вертыкалі галіны. Падводзячы вынік, Прэзідэнт звярнуў увагу на тым, што ўсе ідэі лягуць у нарматыўныя дакументы, у законы, новая сістэма павінна запрацаваць са студзеня будучага года. Прэзідэнт закрануў і статус Міністэрства будаўніцтва і падкрэсліў, што галоўнае не ў назве, а ў рэальных справах.


Па якіх прынцыпах будзе праводзіцца кадравая палітыка? І хто ж ён - кіраванец XXI стагоддзя? На гэтыя пытанні сёння разам з Прэзідэнтам шукала адказ уся кіруючая вертыкаль выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады. Напачатку гутаркі Прэзідэнт прызнаўся, што незадаволены наяўнай сістэмай працы з кіраванцамі. Усё часцей на дзяржслужбу трапляюць не тыя людзі.


У сярэдзіне года колькасць дзяржапарата аптымізавалі і ўсю эканомію накіравалі на павышэнне заработнай платы. Далей, гаворыць Прэзідэнт, усё залежыць ад эканомікі, чытай, ад эфектыўнасці працы самога дзяржапарата. Краіне патрэбныя не пасіўныя выканаўцы, а ініцыятыўныя і падрыхтаваныя кіраўнікі.


Эксперты гавораць: прыцягнуць на дзяржслужбу маладых і крэатыўных можна, у тым ліку грашыма. Але Прэзідэнт нагадаў, якую негатыўную рэакцыю ў грамадстве выклікала павышэнне зарплат партыйным працаўнікам у пачатку 90-х.


Падбор і падрыхтоўка кадраў для дзяржаўнай службы рэгламентуецца трыццаццю нарматыўна-прававымі актамі. Пра гэта ў сваім дакладзе гаворыць Андрэй Кабякоў. Пошук персаналій для вертыкалі - задача прэзідэнцкай адміністрацыі. Сталы кадравы рэзерв ёсць, аднак спіс мог быць і шырэйшы.


Складаней сітуацыя ў рэгіёнах. Андрэй Кабякоў прыводзіць некалькі характэрных прыкладаў. Кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і паспяховыя прадстаўнікі бізнесу на дзяржслужбу ідуць неахвотна. Зарплата меншая, а адказнасці і клопатаў зашмат. А вось Генпракурор Беларусі паказвае на сур'ёзны недахоп тых, хто ўсё ж займае крэсла дзяржкіраўніка.


Віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік гаворыць пра змену пакаленняў: сярэдні ўзрост чыноўнікаў набліжаецца да 60, на дзяржслужбу павінны прыйсці маладыя і амбіцыйныя кіраўнікі. Прыцягнуць іх можна павышэннем статусу прафесіі: добрай зарплатай і сацыяльнымі гарантыямі, напрыклад, рашэннем жыллёвага пытання.


На думку прадстаўнікоў праваахоўных органаў - міністра абароны і ўнутраных спраў, тут далёка не ўсё вырашае матэрыяльны фактар. Пабудаваць моцную краіну могуць толькі моцныя кіраўнікі. І, апроч прафесійных якасцяў, адзін з крытэрыяў падбору - у ідэалагічнай сферы.


Зрэшты, у любой прафесіі стымул і матывацыя іграюць важную ролю. Губернатар Магілёўскай вобласці Пётр Руднік з трыбуны гаворыць менавіта пра крыніцы стымулявання падапечных. Напрыклад, узнагароджанне за перавыкананне планаў.


Крытэрыі ацэнкі кіраўніка, практычны складальнік у падрыхтоўцы будучых кіраўнікоў, павышэнне іх прафесійнага ўзроўню - дыскусія выйшла комплексная і шматгранная. Не абышлося і без параўнанняў з суседнімі краінамі.


Важнасць кардынальнага павышэння эфектыўнасці кіравання ў інтарэсах краіны адзначалася Прэзідэнтам не раз. Сёння галоўная задача - адаптаваць кадравы корпус кіраўнікоў да сучасных патрабаванняў і ўмоў.


Кіраўнікі раённых і гарадскіх выканкамаў, губернатары, міністэрскі корпус, прадстаўнікі парламента і вядучых СМІ свае прапановы выказвалі з месцаў без абмежаванняў часу. Самыя разумныя ідэі ўвойдуць у праект указа Аб удасканаленні працы з кіруючымі кадрамі.

Усяго маштабная нарада доўжылася амаль 6 гадзін. Напрыканцы Кіраўнік дзяржавы зноў нагадаў: практыка падобных сустрэч будзе працягвацца, і ўжо праз паўгода краіну зноў чакае змястоўная гутарка на актуальныя тэмы. І пастаноўка задач яе кіруючым структурам.