Прэзідэнт Беларусі правядзе перамовы з Прэзідэнтам Егіпта

15 июня 2019

Абдэль Фатах аль-Сісі наведае Мінск з афіцыйным візітам у пачатку наступнага тыдня. 

Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў адбудзецца 18 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці. Перамовы пройдуць як у вузкім фармаце, так і ў пашыраным складзе. Асноўную ўвагу нададуць гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву. Прэзідэнты разгледзяць ход рэалізацыі сумесных праектаў і перспектыўныя кірункі ўзаемадзеяння. Лідары дзвюх краін таксама абмяркуюць развіццё палітычных адносін, у тым ліку на пляцоўках міжнародных арганізацый, і бягучую сітуацыю ў рэгіёне і свеце. Па выніках перамоў чакаецца падпісанне пакета міжнародных дакументаў. Плануецца, што кіраўнікі дзяржаў прымуць сумесную заяву.

Лідары дзвюх краін ужо сустракаліся ў  Каіры 2 гады таму. З таго моманту гандлёвае супрацоўніцтва прыкметна актывізавалася. Тавараабарот павялічыўся амаль у 2 разы і перасягнуў адзнаку ў 100 мільёнаў долараў. Гэтую мэту паставілі прэзідэнты. Новыя магчымасці для развіцця адносін па лініі эканомікі адкрые зона свабоднага гандлю паміж Егіптам і "еўразійскай пяцёркай" - краінамі ЕАЭС. 

Бакі ўсё бліжэй да заключэння пагаднення. Ужо правялі два раўнды перамоў. І як адзначыў пасол Беларусі ў Егіпце Сяргей Рачкоў, завяршэнне гэтай працы - перспектыва цяперашняга года. 

Сяргей Рачкоў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Егіпце: "Нашы арыенціры такія: мы б жадалі павялічыць тавараабарот у 2-2,5 раза. І, вядома, ёсць пэўныя таварныя групы, на якія ўвазныя пошліны высокія ў егіпецкага боку. Таму мы спадзяёмся, што гэтае пагадненне дапаможа знізіць пошліны, дазволіць нашым таварам больш свабодна прыходзіць на рынак Егіпта".

У прасоўванні сваіх эканамічных інтарэсаў у Егіпце Беларусь робіць стаўку не на абмен таварамі, а на ўкараненне комплексных праектаў. Размова аб стварэнні сумесных зборачных вытворчасцяў з перспектывай экспарту прадукцыі ў трэція краіны. Сёння ў прапрацоўцы ў партнёраў каля 15 праектаў у сферах прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, навукі і адукацыі.