Аляксандр Лукашэнка праехаў на аўтобусе па новым мосце цераз Прыпяць

6 ноября 2018

Жыткавічы і Тураў сталі бліжэй. А перарэзаная чырвоная стужка дала зялёнае святло руху праз Прыпяць. Адкрыць мост да чырвонага дня календара было даручэннем Прэзідэнта. І будаўнікі справіліся. За працу іх прадставяць да ўзнагарод. Завяршэнне будаўніцтва сёння асабіста праінспектаваў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка праехаў на аўтобусе па новым мосце, пагутарыў з мясцовымі жыхарамі і тымі, хто прыклаў руку да маштабнага праекта. Сярод першых з аднаго берага на другі праехала і здымачная група Агенцтва тэленавін.

Ілона Красуцкая прадоўжыць.

Усе гэтыя дні па добрай традыцыі напярэдадні 7 Лістапада краіна атрымлівала падарункі: абноўленыя прадпрыемствы, школы, дзіцячыя сады, спартыўныя пляцоўкі. Сярод іх і адзін з самых вядомых і доўгачаканых аб'ектаў: той самы мост цераз Прыпяць, для якога Кіраўнік дзяржавы вызначыў дэдлайн - святочную дату. Аляксандр Лукашэнка трымаў сітуацыю на асабістым кантролі. Быў тут у красавіку, і вось чарговы раз сёння, каб паглядзець на вынік. Ну а наша здымачная група прыехала сюды на дзень раней, каб пагутарыць з усімі, хто меў дачыненне да гэтай грандыёзнай будоўлі.

Але спачатку перадгісторыя. Гэтая пераправа злучала два берагі Прыпяці больш чым 30 гадоў. Немалы стаж ды і ўласная вага (а гэта больш як 3 тысячы тон) стаў для канструкцыі сапраўдным цяжарам. Паўтара года таму мост рэканструявалі, але нават гэта не стала панацэяй - у снежні з'явіліся расколіны. Рух па аварыйным мосце, вядома, забаранілі. Кароткі шлях забяспечвала пантонная пераправа. А пакуль раку не скаваў лёд, МНС перавозіла мясцовае насельніцтва на катарах. Дапамогай ратавальнікаў скарысталіся больш чым 45 тысяч чалавек, з іх 1,5 тысячы - дзеці.

У сакавіку транспартны калапс у гэтым рэгіёне стаў галоўнай тэмай навін. З-за ўмоў надвор’я тысячы людзей не маглі дабрацца на працу, у бальніцу і элементарна да родных з Жыткавічаў у Тураў - пантон знесла крыгаходам. У выніку даводзілася рабіць круг 300 кіламетраў. Мясцовыя ўлады называлі сітуацыю крытычнай.

На нарадзе ў Палацы Незалежнасці вырашылі: новы мост паміж Жыткавічамі і Туравам павінен быць адкрыты 7 Лістапада. А пакуль арганізаваць бяспечную пераправу для людзей і транспарту.

Кіраўнік дзяржавы аблятае рэгіён, ацэньвае стан аварыйнага моста з паветра. І даручае праверыць усе масты ў краіне.

Пантон стаў сапраўдным выратаваннем для легкавушак. Дарэчы, з сакавіка па сённяшні дзень ім скарысталіся больш чым паўмільёна аўтамабіляў. А вось велікагрузам спачатку прыходзілася няпроста - пераадольваць усё тыя ж 300 кіламетраў. Праблему вырашыў паром - спецпраект Пінскага суднабудаўнічага завода. Па сутнасці эксплуатавалі звычайную грузавую баржу. За адзін рэйс яна перавозіла 5 фур і 25 легкавушак. Напярэдадні адкрыцця абноўленага моста на гэтых кадрах адзін з апошніх яе рэйсаў. Пантон неўзабаве таксама дэмантуюць. За суткі да афіцыйнага адкрыцця нецярплівасць вадзіцеляў можна зразумець.

Аварыйная частка моста была даўжыней амаль 200 метраў. Пасля кансультацый навукоўцаў Акадэміі навук і спецыялістаў холдынга "Белаўтадар" і арганізацыі "Белгіпрадар", якая займаецца праектаваннем і інжынерным суправаджэннем розных збудаванняў, было прынята рашэнне ўзарваць старыя канструкцыі. Каб яны не ўпалі ў ваду, зрабілі спецыяльны насып. Узрыў быў кропкавы, адсяляць суседнія вёскі (а гэта каля 3 тысяч жыхароў) не давялося.

Аляксей Валевіч, старшы прараб ААТ "Мастабуд": "Дзеля выратавання стратэгічна важнага для рэгіёна аб'екта памянялі рэчышча ракі. Такім чынам захавалі суднаходства падчас рэканструкцыі".

Пасля абвальвання аварыйных секцый пачалі ўзводзіць новыя апоры і пралёты. Пры гэтым улічылі памылкі мінулага. На гэты раз канструкцыю зрабілі металічнай. Новы пралёт вырабіў адзін з самых вядомых у Расіі мостабудаўнікоў - Варонежстальмост.

Прэзідэнт, як і абяцаў, сёння прыбыў праверыць выкананне свайго даручэння. Рэканструяваны мост Кіраўнік дзяржавы спачатку ацаніў з паветра. Пасля наздвычайнага здарэння ў Жыткавічах у краіне праверылі і іншыя. У выніку стварылі цэлую праграму па рэканструкцыі. У спісе 32 мосты. І гэта толькі рэспубліканскага прызначэння.

Наступны на чарзе - мост на пад'ездзе да Гомеля. Яго рэканструююць па аналогіі з жыткавіцкім: бетонавыя пралётныя збудаванні заменяць на металічныя пліты. Адрозненне толькі ў сістэме дэмантажу.

Безумоўна, мясцовыя жыхары скарысталіся ўнікальнай магчымасцю пагутарыць з Кіраўніком дзяржавы. Ужо заўтра ў краіне будуць адзначаць 7 Лістапада - дзяржаўнае свята, якое памятае ўжо не ўся постсавецкая прастора. Беларусь жа не адмаўляецца ад лепшых традыцый мінулага, тым больш калі яны прыносяць рэальную карысць. Новыя сацыяльныя аб'екты - падарункі рэспубліканскага маштабу, якія, як, напрыклад, толькі што адкрыты мост, будуць служыць стагоддзямі.

І ўсё ж надыходзячы чырвоны дзень календара нясе і яшчэ адну - ідэалагічную - нагрузку. Вядома, няма ўжо тых шматтысячных дэманстрацый і лозунгаў. Але тую самую душэўную, эмацыйную, аб'яднаўчую сілу 7 Лістапада захоўвае, дарэчы, не толькі старэйшае пакаленне. Нядаўні стагадовы юбілей камсамола паказаў, наколькі блізкімі могуць быць тыя ідэалы і маладым беларусам. Вага і аўтарытэт моладзевых арганізацый, іх масавасць і рэальныя працоўныя дасягненні толькі падкрэсліваюць: гэтыя каштоўнасці патрэбныя і важныя для ўсіх у нашай краіне. А які сэнс у надыходзячае свята ўкладвае Прэзідэнт Беларусі?

Гомельскі рэгіён часта пад увагай Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка традыцыйна ў гэтых краях вясной, падчас інспекцыі чарнобыльскіх зямель. Адраджэнне раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, стала сапраўднай справай жыцця для цяперашняга пакалення беларусаў. Беражліва захоўвае гэтае пакаленне і памяць аб Вялікай Айчыннай. Магчыма, таму так востра і блізка да сэрца прымаюцца навіны, што прыходзяць з братэрскай Украіны. Таму і многія людзі, уцякаючы ад крывавага канфлікту, знайшлі свой другі дом менавіта ў нашай краіне. Дзясяткі тысяч бежанцаў на абсалютна роўных правах з беларусамі працуюць, жывуць, выхоўваюць дзяцей і гэтак жа перажываюць за лёс сваёй радзімы. Пра тое, як вырашыць канфлікт на Данбасе, зараз гаворыць увесь свет. Перагаворных фарматаў шмат, але з самага пачатку асноўным цэнтрам іх прыцягнення стаў афіцыйны Мінск. Ад першай, гістарычнай сустрэчы "нармандскай чацвёркі" да зусім нядаўняй Мюнхенскай канферэнцыі, вынікі якой нам яшчэ з цягам часу трэба будзе ўбачыць і асэнсаваць. Але асабліва запомнілася сустрэча лідараў Беларусі і Украіны на Форуме рэгіёнаў, які прымаў наш Гомель. Эканамічны фармат мерапрыемства дазваляў адысці ад хваравітай тэмы, але прэзідэнты не змаглі не сказаць пра Данбас. Наколькі важна было гэта чуць не палітыкам, а простым людзям, мы ўбачылі сёння.

Вось так і атрымалася, што пераправа на трасе Жыткавічы - Давыд-Гарадок - мяжа Украіны, адкрытая напярэдадні свята, стала падарункам мясцовым жыхарам і сімвалічным знакам яднання, нягледзячы ні на якія перашкоды.

З гэтага часу два буйныя прамысловыя цэнтры рэгіёна зноў разам. Будаўніцтва моста стала аб'яднаўчым ва ўсіх сэнсах. Два берагі, горады і нават два народы сталі зараз крыху бліжэй.