Аляксандр Лукашэнка заклікаў да каардынацыі дзеянняў краін - удзельніц ініцыятывы "Пояс і шлях"

26 апреля 2019

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пекіне прыняў удзел  у II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва "Пояс і шлях". Больш  як пяць гадоў прайшло  з моманту абвяшчэння Кітаем  аднайменнай ініцыятывы - платформы для супрацоўніцтва. Беларусь адна з першых ацаніла і падтрымала ідэю кіраўніцтва Паднябеснай па стварэнні транснацыянальных гандлёвых калідораў. І сёння наша краіна стала галоўным еўрапейскім лагістычным хабам  у рамках кітайскай ініцыятывы. 

Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў удзел  у рабоце сесіі на вышэйшым узроўні. У сваім выступленні  Прэзідэнт  прадставіў прапановы беларускага боку  па развіцці глабальнай ініцыятывы і  паглыбленні супрацоўніцтва на еўразійскай прасторы  з акцэнтам на стварэнні раўнапраўнай і празрыстай сістэмы міжнароднага гандлю. Беларускі лідар заклікаў да каардынацыі дзеянняў краін - удзельніц ініцыятывы "Пояс і шлях", каб максімальна садзейнічаць пашырэнню эканамічнага супрацоўніцтва і зняццю  бар'ераў.

У Пекін гэтымі днямі прыехалі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў з 40  краін, у тым ліку з Азіі, Афрыкі, Еўропы, Лацінскай Амерыкі. Таму многія палітыкі выкарыстоўваюць гэтую магчымасць, каб правесці двухбаковыя перамовы. Напярэдадні ў Аляксандра Лукашэнкі ўжо адбылася сустрэча з вышэйшым кіраўніцтвам Кітая і Прэзідэнтам Узбекістана, а сёння і з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. Паміж краінамі склаліся трывалыя палітычныя адносіны. Такі ж высокі ўзровень трэба надаць і эканоміцы. Летась узаемны тавараабарот склаў 148 мільёнаў долараў. Новыя напрамкі ўзаемадзеяння і перспектыўныя праекты бакі абмяркуюць падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі  ў Сербію. Зараз фарміруецца яго праграма. 

Чакаецца, што на палях форуму "Пояс і шлях" у Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца і шэраг іншых сустрэч. Да саміту прыкавана вялікая ўвага прэсы. Міжнародны медыяцэнтр падобны да вялікага інтэрнацыянальнага мурашніка. Менавіта адсюль журналісты сочаць за заявамі палітыкаў. На  гэты  час больш як 150  краін і міжнародных арганізацый падпісалі з Кітаем пагадненні аб сумеснай рэалізацыі ініцыятывы "Адзін пояс  і адзін шлях".