Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

29 мая 2019

Галоўным ньюсмейкерам еўразійскай прасторы сёння стала сталіца Казахстана. У Нур-Султане сабраліся лідары дзяржаў ЕАЭС - гэта Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія - і назіральнік Малдова, каб падвесці вынікі першага пяцігадовага адрэзка ў працы аб'яднання. Узрост хоць і невялікі, але саюз ужо даказаў сваю эфектыўнасць.

Пабудаваны на падмурку Мытнай "тройкі", ЕАЭС за гэты час ператварыўся ў "еўразійскую пяцёрку". Зрэшты, само геаграфічнае становішча падштурхоўвае да пашырэння   як на Усход, так і на Захад: цікавасць да саюза выказваюць многія краіны. Выгоды відавочныя. Агульны рынак аб'ядноўвае больш за 180 мільёнаў спажыўцоў. Нягледзячы на святочную падставу сёння абмяркоўвалі і актуальны парадак дня. У тым ліку і ў кулуарах, бо саміт - выдатная пляцоўка і для перамоў тэт-а-тэт. Пытанні паглыблення двухбаковай інтэграцыі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным. Раней бакі абмяняліся прапановамі, а сёння лідары далі даручэнні ўрадам да 21 чэрвеня знайсці па ўсіх з іх пункты судакранання. Пасля чаго прэзідэнты ўмовіліся правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні. Каротка наш Прэзідэнт пагутарыў і са сваімі калегамі з Арменіі і Малдовы. Па выніках саміта ЕАЭС кіраўнікі дзяржаў падпісалі пакет дакументаў. У тым ліку аб стварэнні агульнага энергетычнага рынку.

Што яшчэ абмяркоўвалі ў Нур-Султане і якія рашэнні прынятыя - з падрабязнасцямі Вольга Макей.

Юбілейны саміт ЕАЭС невыпадкова праходзіць у Палацы Незалежнасці. Па-першае, менавіта тут 29 мая пяць гадоў таму лідары Беларусі, Казахстана і Расіі паставілі подпісы пад Дагаворам аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Па-другое, гэты будынак, паводле задумкі дызайнераў, адлюстроўвае гісторыю краіны: вонкавыя сцены ў выглядзе казахскага керэге - гэта правобраз драўляных кратаў, якія служаць каркасам юрты. Вось такая пераемнасць традыцый у архітэктуры. Зрэшты, цяперашні саміт у сталіцы Казахстана дэманструе пераемнасць і ў архітэктуры палітычнай. Гэтая сустрэча еўразійскай "пяцёркі" стане першай для дзеючага Прэзідэнта Казахстана Касыма-Жамарта Такаева. Крыху больш за два месяцы таму пасля складання паўнамоцтваў Нурсултанам Назарбаевым ён заняў пасаду кіраўніка дзяржавы. 9 чэрвеня пазачарговыя прэзідэнцкія выбары. Але сёння ён на правах гаспадара сустракае гасцей.

Дарэчы, прэзідэнты Беларусі і Казахстана правялі перамовы напярэдадні. А перад тым як выйсці да прэсы на традыцыйную цырымонію фатаграфавання, лідары збіраюцца ў пакоі чакання. Там ёсць магчымасць абмеркаваць з калегамі актуальныя пытанні. Такія кароткія перамовы адбыліся з Прэзідэнтам Расіі. Вось відаць, як Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін працягваюць пра штосьці гаварыць на хаду. Як пазней стане вядома, абмяркоўвалі пытанні паглыблення двухбаковай інтэграцыі. Раней бакі ўжо абмяняліся адпаведнымі прапановамі. А сёння Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін разгледзелі гэтыя пытанні ў першым набліжэнні і далі даручэнне ўрадам да 21 чэрвеня знайсці пункты судакранання па ўсіх з іх. Пасля прэзідэнты ўмовіліся правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні для грунтоўнага і падрабязнага абмеркавання ўсіх расійска-беларускіх пытанняў далейшага сістэмнага ўзаемадзеяння.

Перш кіраўнікі дзяржаў "пяцёркі" сустракаюцца вузкім колам. Дарэчы, зала аформлена ў стылістыцы казахскай юрты, гавораць, яе скляпенні - гэта сімвалы гасціннасці і адзінства. Такім жа, паводле задумкі, павінен быць і саюз - адкрытым для трэціх краін і адзіным, роўным для ўсіх удзельнікаў. За сталом лідары краін-удзельніц і першы прэзідэнт Казахстана. На саміце ён у якасці ганаровага госця. А сёння да статусу Лідара нацыі дадалося і званне ганаровага старшыні ЕАЭС.

А вось статус дзяржавы - старшыні ў ЕАЭС перадаецца па чарзе, у алфавітным парадку. Летась гэта была Расія, у 2019 - Арменія. Таму мадэруе сустрэчу Нікал Пашынян. Новыя магчымасці для эканомік ён бачыць у пашырэнні супрацоўніцтва з трэцімі краінамі. Пакуль кіраўнікі дзяржаў размаўляюць за зачыненымі ад прэсы дзвярамі, журналісты працуюць у прэс-цэнтры. На вялізных маніторах, дзе паказваюць кадры перамоў у перапынках, - ролікі пра Беларусь. Менш як праз месяц Мінск прымае Еўрапейскія гульні. Сярод гасцей будуць і кіраўнікі дзяржаў.

За зачыненымі дзвярамі палітыкі размаўлялі крыху больш за гадзіну. А вось ужо ў пашыраным складзе гэтым разам новыя асобы. Калі Ігара Дадона бачыць на саміце ЕАЭС ужо звыкла: Малдова - назіральнік, - то Эмамалі Рахмон тут у якасці ганаровага госця, дарэчы, на думку экспертаў, Таджыкістан - відавочны прэтэндэнт на далучэнне да саюза. Акрамя таго, прыняць удзел у саміце запрасілі і Сяргея Лебедзева - Старшыню Выканкама СНД.

Што да эканомікі, то апошнія гады аб'ёмы ўзаемнага гандлю паміж краінамі ЕАЭС - у плюсе. Праўда, тэмпы запавольваюцца, скажа Аляксандр Лукашэнка. За мінулы год дадалі больш за 11 працэнтаў, хоць у 2017 рост быў амаль на траціну. Лепшую дынаміку саюз паказвае ў гандлі з трэцімі краінамі.

Цікавасць да еўразійскай інтэграцыі выказваюць дзясяткі краін. Эканамічныя пагадненні ўжо злучаюць саюз з В'етнамам, Іранам і Кітаем. У актыўнай стадыі Сінгапур, Сербія і Егіпет. У пачатку такога шляху было нямала скептыкаў, якія выступалі супраць адкрыцця саюзнага рынку для знешніх гульцоў. Але трывогі не апраўдаліся. Вось толькі прыклад В'етнама. Дзякуючы пагадненню аб зоне свабоднага гандлю тавараабарот з гэтай краінай у "пяцёркі" вырас на траціну.

ЕАЭС за гэтыя пяць гадоў пайшоў наперад: на еўразійскім полі ўжо актыўна пачалі лічбавую трансфармацыю, развіваюць інавацыйныя праекты. Ды ўсё ж галоўнага, для чаго ствараўся саюз - а гэта вольнае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы, пакуль дасягнуць не атрымалася. Нацыянальны эгаізм і гандлёвыя абмежаванні не працуюць на імідж інтэграцыі.

Якраз аналізам гэтых праблемных пытанняў і выпрацоўкай рашэнняў можа заняцца старшыня Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Гэта прапанова Аляксандра Лукашэнкі. Каб Нурсултан Назарбаеў, у якога зараз з'явілася больш вольнага часу, перагледзеў дамоўленасці і вострыя моманты інтэграцыі.

На правах старшыні свае прапановы выказаў і Нурсултан Назарбаеў. Гэта пашырэнне супрацоўніцтва ЕАЭС з іншымі міжнароднымі структурамі, ініцыятывай "Адзін пояс і адзін шлях". Паскарэнне працы ў буйных праектах і імпартазамяшчэнні. Казахстан прапаноўвае развіваць інфраструктурныя праекты - такія як будаўніцтва хуткаснай чыгункі. Да стварэння буйных саюзных карпарацый заклікаў і Уладзімір Пуцін. Гэта спрацуе ў плюс для агульнай эканомікі. Калі Таджыкістан пакуль прыглядаецца да аб'яднання, то Малдова на саміце ў статусе назіральніка. Ігар Дадон прапаноўвае правесці сустрэчу ў новым фармаце, з удзелам трэціх краін. Кішынёў мог бы стаць пляцоўкай.

Па выніках юбілейнага саміта кіраўнікі дзяржаў падпісалі сумесную заяву з нагоды пяцігоддзя дагавора. Акрамя таго, подпісы паставілі пад дакументам аб стварэнні агульнага энергетычнага рынку, ён дазволіць устанавіць празрыстыя рыначныя цэны на электраэнергію для спажыўцоў. Зацвердзілі і асноўныя арыенціры макраэканамічнай стратэгіі на гэты і наступны гады. Падпісана каля 20 дакументаў. Пытанне з парадку дня, якое пакуль усё ж адправілі на дапрацоўку, - гэта размеркаванне ўвазных мытных пошлін. Справядлівы падыход яшчэ трэба выпрацаваць.

У наступным годзе старшынёй у ЕАЭС будзе Беларусь. І асноўныя высілкі афіцыйны Мінск засяродзіць менавіта на роўных умовах у эканамічным саюзе. Пра гэта наш Прэзідэнт гаварыў падчас Паслання народу і парламенту, гэтыя прыярытэты гучалі і сёння. Вынік для эканомік і народаў еўразійскай "пяцёркі" павінен стаць адчувальным.