Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у Рэспубліканскім суботніку

26 апреля 2020
Яшчэ адна традыцыя, непасрэдным удзельнікам якой заўсёды становіцца наш Прэзідэнт, - Рэспубліканскі суботнік. Раз ужо ў гэтыя дні Кіраўнік дзяржавы знаходзіцца ў камандзіроўцы на поўдні краіны, то і лакацыю для працоўнай суботы выбіралі па дарозе! 

Аляксандр Лукашэнка аднаўляў лясны масіў на тэрыторыі Нацыянальнага парку "Прыпяцкі". А дапамагалі яму ў гэтым людзі, якія і так працуюць з Прэзідэнтам кожны дзень: супрацоўнікі Адміністрацыі і пратаколу, памочнікі, тэлевядучыя і журналісты. Да добрай справы падключыліся і самі мясцовыя жыхары. Разам на тэрыторыі ў паўтара гектара высадзілі 8 тысяч саджанцаў хвоі. 

Ужо другі дзень на інфармацыйных стужках гэтая падзея ў топе. Прычым рэйтынг і прагляды растуць, у тым ліку дзякуючы чацвераногаму памочніку, якога Прэзідэнт узяў з сабою на суботнік!  Ужо пасля працы Кіраўнік дзяржавы пагутарыў з журналістамі. Гаварылі не толькі аб дзейснай традыцыі наводзіць парадак на зямлі дзякуючы якой наша краіна ўсё больш зменьваецца. Прэзідэнт таксама адказаў усім, хто шукаў нейкую канспіралогію ў тым, чаму дагэтуль не адбылося яго Пасланне да народа і парламента. 

Дарэчы, усе заробленыя на Рэспубліканскім суботніку грошы пойдуць на падрыхтоўку дзіцячых лагераў да лета, аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай. Вось так клапоцімся аб новым пакаленні і аддаем даніну памяці мінуламу. Вельмі сімвалічна, бо сёлета адзначаем знакавую дату - 75-годдзе Перамогі. 

2020-ы, да таго ж, завяршае трылогію Года малой радзімы. Але, як гаворыцца, для таго каб пакінуць свой чысты і стваральны след на роднай зямлі, ужо сапраўды не варта абмяжоўвацца часовымі рамкамі!