Аляксандр Лукашэнка прыняў шэраг кадравых рашэнняў

5 марта 2018

Сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў шэраг кадравых рашэнняў. Пасаду Міністра спорту і турызму Беларусі заняў Сяргей Кавальчук - экс-супрацоўнік Службы бяспекі Кіраўніка дзяржавы.

На пасаду пасла ва Узбекістане прызначаны Леанід Марыніч, да гэтага першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Прэзідэнт адзначыў, што Узбекістан для Беларусі сярод прыярытэтных краін. Двухбаковыя адносіны апошні час сталі актыўна развівацца. У спартыўнай жа галіне больш праблем, чым поспехаў, таму галоўнае зараз - навесці парадак. Па гэтай прычыне на пасаду прызначаны ваенны чалавек. Перамога атлета - гэта свайго роду ідэалогія. Таму развіццю спартыўнай сферы ў краіне надаецца такая вялікая ўвага, падкрэсліў Прэзідэнт.

Таксама сёння Прэзідэнт узгадніў на пасады новых кіраўнікоў выканаўчых і распарадчых органаў. Акцэнт для мясцовай улады: трымаць у фокусе ўвагі развіццё эканомікі рэгіёнаў. У зоне адказнасці ключавыя паказчыкі: зарплаты, занятасць, рэнтабельнасць прадпрыемстваў. У кожным раёне засталіся вытворчасці, якія з’яўляюцца дадатковай нагрузкай на бюджэт. Такія прыклады ёсць нават у сельскай гаспадарцы на фоне вялікай колькасці паспяховых праектаў. Кіраўнік дзяржавы закрануў і самыя актуальныя тэмы: папярэдзіў новых кіраўнікоў аб адказнасці за карупцыйныя злачынствы і звярнуў увагу на працу з кадрамі, у тым ліку на прыватных прадпрыемствах.

Таксама па выніках узгадненняў новыя намеснікі зараз у Брэсцкім і Магілёўскім аблвыканкамах. На пасады заступілі Вадзім Альшэўскі і Руслан Пархамовіч. Яшчэ ў спісе 11 кіраўнікоў раённага ўзроўню. 4 з іх прадстаўляюць сталічны рэгіён, 3 - Гомельскі, па 2 новыя старшыні райвыканкамаў у Магілёўскай і Гродзенскай абласцях. Таксама з сённяшняга дня Юрый Кобец прызначаны намеснікам старшыні Вярхоўнага Суда. Алег Барысенка ўзгоднены на пасаду генеральнага дырэктара ААТ "Гомельтранснафта Дружба". А пасаду гендырэктара "Беларусьфільма" займае былы дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі.