Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у круглым стале кіраўнікоў дзяржаў на форуме "Адзін пояс - адзін шлях"

15 мая 2017

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у круглым стале кіраўнікоў дзяржаў на форуме "Адзін пояс - адзін шлях".

Мерапрыемства праходзіць у міжнародным канферэнц-цэнтры, які размешчаны ў маляўнічым прыгарадзе Пекіна. Беларускі лідар запрошаны на форум сваім калегам - старшынёй КНР Сі Цзіньпінам - адным з першых. Аляксандр Лукашэнка выказаў прапановы беларускага боку для паглыблення і пашырэння супрацоўніцтва на Еўразійскім кантыненце з акцэнтам на сумесным мірным узаемавыгадным развіцці.

У форуме ўдзельнічаюць кіраўнікі 29 краін і дэлегацыі з 130 дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка як лідар краіны, якая адной з першых у Еўропе падтрымала глабальную ініцыятыву Кітая і падала максімальны рэжым спрыяльнасці "Новаму Шаўковаму шляху", у Пекіне госць асаблівы. Беларусь вылучае і стратэгічнае ўсебаковае партнёрства з Кітаем, і індустрыяльны хаб, які ўжо будуецца, - найбуйнейшы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

У Пекіне Прэзідэнта Беларусі чакае вялікі пул асабістых сустрэч з сусветнымі лідарамі. Усё ж у кітайскай сталіцы ў гэтыя дні прысутнічаюць кіраўнікі амаль трох дзясяткаў дзяржаў.

Учора беларускі лідар правёў перамовы са сваім пакістанскім калегам. Паміж Мінскам і Ісламабадам выпрацаваная дарожная карта супрацоўніцтва. Сёння час кантраляваць яе рэальнае напаўненне і выкананне, канстатавалі Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф. Вынікі ўжо ёсць. Пасля афіцыйнага візіту Прэзідэнта ў кастрычніку 2016 года ў Пакістан беларускі экспарт падвоіўся. А ў канцы лета чакаем другі візіт прэм'ер-міністра Наваза Шарыфа ў Беларусь.

Двухбаковыя сустрэчы на вышэйшым узроўні сёння працягнуцца. Чакаецца, што Прэзідэнт Беларусі сустрэнецца і з гігантамі кітайскага бізнесу.