Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

23 июня 2016

Гэтымі днямі ў Кіраўніка дзяржавы вельмі насычаны графік. Сёння Прэзідэнта чакаюць ужо ва Узбекістане. Гэта першы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў гэту краіну. На саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва беларускі лідар адправіўся адразу пасля завяршэння Пятага Усебеларускага народнага сходу, дзе асобным блокам гучала і тэма супрацоўніцтва з інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. А Беларусь у Шанхайскай арганізацыі лічаць першай краінай, якая адкрые шлях у Еўропу з Азіі. Мая калега Вольга Макей ужо агледзелася на месцы і падзеліцца з намі, як падрыхтаваўся Ташкент да вялікага саміту.

На найбліжэйшыя некалькі дзён Узбекістан стаў, мабыць, галоўным палітычным ньюсмейкерам у Еўразіі. Пра тое, што сёння ў Ташкенце стартуе саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, нагадваюць не толькі шматлікія банеры, але і вялікая колькасць супрацоўнікаў міліцыі. Меры бяспекі тут узмоцнілі. Узбекістан на ўсялякі выпадак нават закрыў межы з чатырма краінамі.

Не пазбегнуць у гэтыя дні і затораў. Усё ж прыбываюць 10 прэзідэнтаў. Акрамя таго, кіраўнікі ШАС, СНД, АДКБ, АСЕАН і намеснік генеральнага сакратара ААН. Да самага буйнога па насельніцтве горада Сярэдняй Азіі, а ў Ташкенце жывуць больш за 2 мільёны чалавек, дадаецца яшчэ тысяча гасцей.

А вось Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва аб'ядноўвае больш за паўтара мільярда чалавек. Гэта значыць кожны пяты на планеце жыве ў адной з краін - удзельніц аб'яднання. Калі лічыць з дзяржавамі назіральнікамі - удвая больш.

Да свайго 15-гадовага юбілею арганізацыя падыходзіць у складзе 18 краін "шанхайскай сям'і". Зараз гэты фармат выглядае як 6+6+6. Шасцёрка афіцыйных удзельнікаў - гэта Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Расія, Таджыкістан і Узбекістан. Яшчэ шэсць дзяржаў - назіральнікі: Афганістан, Беларусь, Індыя, Іран, Манголія і Пакістан.

Дарэчы, на леташнім саміце ва УФЕ для Індыі і Пакістана запусцілі працэдуру далучэння да арганізацыі, гэтую тэму палітыкі разгледзяць заўтра. А Мінск з партнёра па дыялогу павысілі да ўзроўню назіральніка. Такога статусу яшчэ няма ні ў адной еўрапейскай краіны.

Саміт у Ташкенце - першы, у якім для Беларусі за сталом Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва адведзена месца ў новым статусе назіральніка. Ужо заўтра афіцыйны Мінск аб'явіць сваю пазіцыю. Для гэтага адразу пасля ўдзелу ў Пятым Усебеларускім народным сходзе Аляксандр Лукашэнка адпраўляецца ва Узбекістан. Дарэчы, гэта першы візіт Прэзідэнта Беларусі ў гэту краіну.

Статус назіральніка адчыняе дзверы ў дом "шанхайскай сям'і". Бо адна справа супрацоўнічаць з краінамі на двухбаковай аснове, другая - удзельнічаць у абмеркаванні агульных праектаў. Цікавяць у першую чаргу сферы энергетыкі, АПК, транспарту і лагістыкі. На кожны пункт Беларусі ёсць што прапанаваць.

Падлічана: тры чвэрці сусветнага гандлю ажыццяўляецца менавіта праз рэгіянальныя аб'яднанні. Таму Мінск у арганізацыі статыстам быць не мае намеру. Акрамя таго, пляцоўка саміту - выдатная магчымасць, каб абмеркаваць супрацоўніцтва з партнёрамі. На заўтра ў Аляксандра Лукашэнкі ўжо запланаваны шэраг двухбаковых сустрэч.

Пытанні эканамічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеянні ў сферы бяспекі палітыкі абмяркуюць ужо заўтра. Цэнтральным дакументам, які павінны зацвердзіць прэзідэнты, стане план дзеянняў на найбліжэйшыя 5 гадоў. Гэта своеасаблівая дарожная карта для развіцця аб'яднання. Ну і пытанне, якое, безумоўна, цікавіць рэпарцёраў, - ці стануць паўнапраўнымі ўдзельнікамі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Індыя і Пакістан. Афіцыйны адказ пачуем заўтра.