Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Балбасава, каб асабіста ўбачыць, як змяніўся гарадок

4 ноября 2018

Лістападаўскія дні - час падарункаў для беларусаў. У пярэдадзень 7 лістапада ў розных кутках краіны з'яўляюцца новыя аб'екты і абнаўляюць старыя, бо так важна захоўваць лепшае (прыклад таму - Віцебскі футравы камбінат, які пасля мадэрнізацыі адкрылі ў пятніцу).

А да сённяшняга дня ў Балбасаве Аршанскага раёна завяршыліся работы па абнаўленні пасёлка. Зрабіць гэтае месца камфортным і зручным для жыцця - даручэнне Прэзідэнта. Быўшы тут гэтым летам, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што да лістападаўскіх святаў абавязкова прыедзе ўпэўніцца, як справіліся з задачай. Мястэчка прыкметна абнавілі, прывялі ў парадак дамы і інфраструктуру. Сёння па вуліцах Балбасава прайшоўся і Кіраўнік дзяржавы, каб асабіста ўбачыць, як змяніўся гарадок. Насельніцтва тут - 3 з паловай тысячы чалавек. Мясцовыя жыхары больш за ўсё ўдзячныя за будаўніцтва станцыі абезжалезвання, з яе з'яўленнем прыкметна палепшылася якасць вады. Тут рэканструявалі школу, адрамантавалі ўчастковую бальніцу. Абнавілі шматкватэрныя жылыя дамы, уладкавалі паркоўкі і тратуары. Рамонт закрануў і цэнтр вольнага часу - гэта Дом культуры ў Балбасаве. Зараз тут сучасныя пакоі для рэпетыцый, на сцэне, нарэшце, з'явілася заслона, а ў зале - зручныя глядацкія крэслы. У госці да людзей творчых сёння таксама зайшоў Прэзідэнт.

Нагадаем, Балбасава, нараўне з Оршай і Баранню, уваходзяць у так званы аршанскі трохвугольнік. Стаіць задача ўдыхнуць новае жыццё ў гэты рэгіён, зрабіць яго развітым прамысловым цэнтрам, але за эканомікай заўсёды стаяць людзі. Таму галоўнае - стварыць усе ўмовы для камфортнага жыцця і эфектыўнай працы тых, для каго гэты край - родны.