Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Сочы з рабочым візітам

20 Верасня 2018

Канец тыдня пройдзе пад знакам беларуска-расійскага дыялогу. Сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з рабочым візітам у Расію.

Беларускі Борт нумар адзін прызямліўся ў Сочы бліжэй да вечара. Ля трапа лідара сустракаў губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў. Дынаміка адносін з гэтым рэгіёнам адлюстроўвае і агульны трэнд у гандлёва-эканамічных кантактах Беларусі і Расіі. Тавараабарот паказвае рост.

Плануецца, што заўтра ў Сочы адбудуцца перамовы на вышэйшым узроўні з удзелам урадаў дзвюх краін. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін таксама правядуць двухбаковую сустрэчу ў фармаце сам-насам. На парадак дня будзе вынесеная актуальная тэматыка беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Чакаецца, што бакі падрабязна разгледзяць пытанні па шырокім коле кірункаў, у тым ліку - у сферах сельскай гаспадаркі, прамысловасці, гандлёва-эканамічнага і фінансавага ўзаемадзеяння.

Размова пойдзе аб супрацоўніцтве ў нафтагазавай сферы, а таксама на парадку - саюзная і інтэграцыйная тэматыка.

Увогуле, пытанняў шмат. Чаго чакаць ад маючых адбыцца беларуска-расійскіх перамоў? І што напярэдадні сустрэчы на вышэйшым узроўні думаюць эксперты? З Сочы - рэпартаж Вольгі Макей.

Аэрапорт Сочы ўжо трэці раз за год прымае беларускі борт нумар 1. Да гэтага Аляксандр Лукашэнка прылятаў сюды на саміт ЕАЭС, у жніўні сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, за месяц з тых перамоў летні сонцапёк у Сочы змяніў бархатны сезон. Ужо не так горача. Зрэшты, сышоў і градус абмеркавання ў прэсе адносін Мінска і Масквы. На ўсе здагадкі рэпарцёраў Прэзідэнты тады адказалі традыцыйна сяброўскай атмасферай сустрэчы.

Вядома, супярэчнасці сапраўды існуюць - як без іх у любых адносінах?! Але падчас той сустрэчы Аляксандр Лукашэнка скажа: "Нейкія праблемы атрымоўваецца вырашаць хутка, нейкія павольней, але новыя - не з'яўляюцца. Гэта галоўнае". Безумоўна, тады гаварылі і пра цяжкасці ў пастаўках харчавання, і пытаннях утылізацыйнага збору на тэхніку, якая сумесна вырабляецца, абмеркавалі і будаўніцтва БелАЭС. Але дэталёва ўсе тэмы дамовіліся прапрацаваць непасрэдна з тымі, каму трэба будзе праблемы вырашаць.

Для гэтай сустрэчы прэзідэнты вызначылі дату - 21 верасня. І склад удзельнікаў: прэм'ер-міністры, іх намеснікі і некаторыя профільныя міністры. Нягледзячы на нядаўнія абнаўленні ў беларускім урадзе, гэтая сустрэча зусім не стане знаёмствам з расійскімі калегамі.

З моманту мінулых перамоў лідараў, віцэ-прэм'еры ўжо не раз праводзілі сустрэчы ў Маскве, перамовы былі і паміж міністрамі сельскай гаспадаркі, пастаўкі харчавання ў Смаленску абмяркоўвалі Рассельгаснагляд і Дэпартамент ветнагляду нашага Мінсельгасхарчу.

Пасля нядаўняй тэлефоннай размовы з Дзмітрыем Мядзведзевым, Сяргей Румас расказаў журналістам, што некаторыя пытанні, рашэнні па якіх знойдзеныя, не будуць выносіць на разгляд прэзідэнтаў. Тым не менш, парадак дня будзе шырокі, і галоўнае ў пытаннях - паставіць кропку, а не шматкроп'е.

Што датычыцца парадку дня, як ужо заяўлялася раней, урады дзвюх краін працуюць над пытаннем аб рэфінансаванні ў наступным годзе мільярда долараў і прадастаўленні траншаў па лініі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Улічваючы прысутнасць на заўтрашняй сустрэчы віцэ-прэм'ераў, якія адказваюць за нафтагазавы сектар і сельскую гаспадарку, лагічна выказаць здагадку, што абмяркоўвацца будуць і пытанні паставак энергарэсурсаў і харчавання.

Наогул Беларусь для Расіі - чацвёрты гандлёвы партнёр сярод усіх краін свету, апярэджваюць толькі Кітай, Германія і Нідэрланды. З краін СНД Беларусь і ўвогуле лідар. За першыя паўгода ў агульнай скарбонцы тавараабароту ўжо больш за 20 мільярдаў долараў. (Пры 32 за ўвесь мінулы год). Адчувальны дадатак, 500 мільёнаў долараў, чакаюць і ад падпісання кантрактаў на 5-м форуме рэгіёнаў дзвюх краін, які ў сярэдзіне кастрычніка пройдзе ў Магілёве. Тэма правядзення гэтага маштабнага мерапрыемства, напэўна, таксама будзе закранута заўтра.


Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя