Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Кыргызстан

27 ноября 2019
Прэзідэнт Беларусі прыбыў з рабочым візітам у Кыргызстан. Там Аляксандр Лукашэнка возьме ўдзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Борт нумар адзін прызямліўся ў міжнародным аэрапорце ў Бішкеку. І хоць афіцыйныя мерапрыемствы прызначаны на 28 лістапада,  у лідараў краін - удзельнікаў АДКБ ёсць магчымасць для зносін напярэдадні падчас нефармальнай вячэры па запрашэнні прэзідэнта Кыргызстана. А ўжо заўтра беларускі лідар падчас сесіі Савета АДКБ акрэсліць пазіцыю і асноўныя прапановы нашай краіны па развіцці і ўмацаванні матрыцы рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі. На парадку дня і праблемы на таджыкска-афганскай мяжы, праца з ААН у рамках глабальнай антытэрарыстычнай стратэгіі і пытанні інфармацыйнай бяспекі. 

Сёння ў праграме  сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, кіраўнікоў абарончых ведамстваў краін - удзельнікаў арганізацыі і сакратароў саветаў бяспекі. На абмеркаванні  каля 20 пытанняў.


Мінск - Бішкек: перспектывы ў гандлі


Такія саміты і сустрэчы на вышэйшым узроўні  яшчэ і добрая магчымасць ацаніць эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. Напрыклад, Беларусь і гаспадар саміту - Кыргызстан - летась нагандлявалі на 130 мільёнаў долараў. Аснова нашага экспарту - малочныя прадукты, лекі, мяса і будаўнічыя вырабы. Імпарт - бавоўна, садавіна і запчасткі для агратэхнікі. 


Сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ


Традыцыйна на палях саміту Кіраўнік беларускай дзяржавы правядзе сустрэчы і перамовы з замежнымі калегамі. У сваю чаргу па выніках працы сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ бакі падпішуць шэраг дакументаў, якія павінны палепшыць узаемадзеянне краін - удзельнікаў арганізацыі.