Аляксандр Лукашэнка прыбыў з дзяржаўным візітам у Кітайскую Народную Рэспубліку

28 сентября 2016

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка дзве гадзіны назад прыбыў з дзяржаўным візітам у Кітайскую Народную Рэспубліку. Борт №1 ажыццявіў пасадку ў пекінскім аэрапорце Шаўду.

У Аляксандра Лукашэнкі запланаваны перамовы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Чакаецца падпісанне каля 30-ці міжнародных дакументаў - у палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах. Беларускі лідар таксама правядзе сустрэчы з прэм'ерам Дзяржсавета; старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета і кіраўніком Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка наведае Пекінскі ўніверсітэт, дзе сустрэнецца з кіраўніцтвам ВНУ, студэнтамі і адкажа на іх пытанні.

Расказвае Вольга Макей.

Верасень у Пекіне - аксамітавы сезон. На вуліцы +25, спее хурма. Жыхары краіны рыхтуюцца да галоўнага свята - 1 кастрычніка - Дзень абвяшчэння КНР. Але ў палітычным істэблішменце прыкметнае ажыўленне і з іншай нагоды - Кітай рыхтуецца да дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Беларусі. Гавораць, усход - справа далікатная. Далікатна і дбайна тут ставяцца і да пошуку надзейных партнёраў. Але адносіны Мінска і Пекіна ўжо даўно ў куды больш значным статусе: усебаковага стратэгічнага партнёрства. Такі высокі ўзровень адносін Паднябесная мае толькі з 10-ю працэнтамі краін свету.

Калі раней Кітай быў краінай таннай рабочай сілы і такіх жа тавараў, сёння Паднябесная становіцца магутным тэхналагічным гульцом. Стратныя магутнасці ў сталеліцейнай і вугальнай прамысловасці скарачаюцца, ім на змену прыходзяць інавацыйныя тэхналогіі, а шматлікія галіны адкрываюць для прыватнага капіталу. Працяглая эканамічная рэформа, пачатая калісьці Дэн Сяапінам, завяршаецца. Краіна пераходзіць да рыначнай эканомікі, а мясцовы бізнес імкнецца інвесціраваць за мяжу.

Сунь Бо калісьці скончыў мінскі БНТУ, зараз у кампаніі, у якой працуе, адказвае за супрацоўніцтва з краінамі постсавецкай прасторы. Займаецца продажам інструментаў і абсталявання для машынабудавання. Нядаўна на БелАЗе тэсціраваў абсталяванне, вось, паказвае відэа. Пра ўражанні з нашай здымачнай групай дзеліцца без уласцівай кітайскім бізнесменам стрыманасці.

Тым часам кіраўнік іншага беларускага прамысловага гіганта - МАЗа - тэт-а-тэт з калегамі з Паднябеснай. На стале традыцыйны атрыбут сустрэч у Кітаі - зялёная гарбата. А вось прадстаўнік беларускай калійнай кампаніі на перамовы заўсёды прыходзіць са жменяй солі. Калійныя ўгнаенні - аснова экспарту ў Кітай. І тут беларусам, дзякуючы якасці і прадуманай лагістыцы, атрымалася заняць лідзіруючыя пазіцыі, абагнаўшы канкурэнтаў з Расіі, Канады, Ізраіля і Іарданіі.

Зрэшты, тое, што ў дзелавых колаў Паднябеснай да Беларусі вялікая цікавасць, прадэманстравала і выстава ЭКСПА "Кітай-Еўразія", якая завяршылася на мінулым тыдні. Менавіта нашай краіне прадаставілі рэкордны па плошчы павільён і знакавы статус ганаровага госця. Гэта не проста цікавасць да асобных прадпрыемстваў, а да краіны ў цэлым. Выстава ва Урумчы, на якой падпісана дарожная карта развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая (а гэта 30 сумесных праектаў) - стала пралогам да перамоў лідараў дзвюх краін. Аляксандр Лукашэнка прыбывае ў Пекін з дзяржаўным візітам - на мове вялікай палітыкі - гэта найвышэйшы перагаворны ўзровень.

У сталіцу Кітая Прэзідэнт Беларусі прыбывае напярэдадні насычаных двух перагаворных дзён. Ужо заўтра цэлы шэраг сустрэч з самымі ўплывовымі палітыкамі Паднябеснай: старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Юй Чжэншэнем і старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў КНР - Чжан Дэцзянам. Зразумела, цэнтральнай тэмай перамоў будзе эканоміка.

За мінулы год тавараабарот паміж краінамі - больш за 3 мільярды долараў. У аснове беларускага экспарту: калійныя ўгнаенні, паліаміды, лён-сырэц і сельгастэхніка. З'яўляюцца і новыя тавары, якія патрэбны Кітаю.

У спісе ўжо пушная сыравіна, крухмал. А з першага верасня - яшчэ і малочныя прадукты. Іх сур'ёзна тэсціравалі ў лабараторыях Кітая, і пакуль найбліжэйшыя суседзі ўводзяць абмежаванні на пастаўкі, у Паднябеснай 34-м кампаніям сказалі - так. Зрэшты, гэта і сігнал для беларускіх вытворцаў у цэлым - цікавасць да нашай прадукцыі ёсць - трэба не ўпускаць момант.

Супрацоўніцтва з Кітаем - гэта яшчэ і льготныя і зручныя крэдыты. Толькі з мая 2015-га было падпісана 10 такіх пагадненняў на суму 3 мільярды долараў. Гэта ў тым ліку і льготы на будаўніцтва інфраструктуры да Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" і арганізацыі зборкі легкавых аўто ў Беларусі.

Тое, што гэты візіт стане новым этапам партнёрства, яшчэ месяц назад анансіраваў Аляксандр Лукашэнка, сказаўшы, што краінам пара пераходзіць да рэалізацыі поўнамаштабных інвестыцыйных праектаў. Дарэчы, гэты візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай дзявяты. А гэтая лічба ў Паднябеснай самая ўшанаваная. Лідарам засталося толькі перанесці гэты сімвалізм у адносіны паміж дзяржавамі. Бо ў кітайскай нумералогіі 9 - азначае вечнасць.