Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае Вялікабрытаніі больш актыўна інвеставаць у Беларусь

26 сентября 2017

Прэзідэнт прапаноўвае Вялікабрытаніі больш актыўна інвеставаць у Беларусь. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з дзяржаўным міністрам па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі. Алан Дункан упершыню ў нашай краіне. Гэта і першы візіт прадстаўніка ўрада Брытаніі такога высокага ўзроўню. Па выніках мінулага года ўклады англійскіх інвестараў у беларускую эканоміку склалі амаль паўтара мільярда долараў. Ёсць шмат кірункаў, у якіх краіны могуць працаваць разам з узаемнай выгадай. Тры-чатыры самавітыя сумесныя праекты - а ёсць магчымасць супрацоўнічаць у сферы электратранспарту - могуць стаць знакавымі для Мінска і Лондана.

Алан Дункан, дзяржаўны міністр па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі: "Я вельмі рады таму факту, што я першы брытанскі міністр, які наведаў Беларусь. На жаль, гэта заняло занадта шмат часу, сёлета мы адзначаем 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Хачу перадаць Вам найлепшыя пажаданні ад прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй. Дзякую Вам за каментарый наконт выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза. Мне прыходзіцца ўвесь час растлумачваць праблемы, з якімі сутыкаецца Вялікабрытанія, і тлумачыць тым краінам, якія імкнуцца ўвайсці ў Еўрасаюз, у той час як сама Вялікабрытанія з ЕС выходзіць".

Брытанія пакідае ЕС, але не Еўропу. Гэта падкрэсліў Алан Дункан у гутарцы з Аляксандрам Лукашэнкам. Апроч развіцця двухбаковых кантактаў - а разлічваюць, што візіт брытанскага палітыка падахвоціць супрацоўніцтва дзяржаў, - у цэнтры ўвагі было міжнароднае становішча і пытанні рэгіянальнай бяспекі.

Алан Дункан, дзяржаўны міністр па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі: "У мяне адбылася вельмі прыемная і рознабаковая дыскусія з прэзідэнтам. І я зрабіў вельмі ясны акцэнт на тым, што Вялікабрытанія разглядае Беларусь як вельмі важнага партнёра для двухбаковых адносін. Я спадзяюся, што гэта прывядзе і да росту ўзаемнага гандлю, і да больш цесных рабочых адносін у пытаннях рэгіянальнай абароны і бяспекі. Я надзвычай уражаны Беларуссю. Я думаю, што Мінск - гэта вялікі горад. Тое, чаго атрымалася вам дасягнуць за апошнія 25 гадоў, гэта дзівіць. У вас вельмі важнае геаграфічнае становішча, дзе перасякаюцца стратэгічныя інтарэсы абароны і бяспекі. Я вельмі захоплены кіраўніцтвам Беларусі, і я спадзяюся, я змагу да вас яшчэ вярнуцца".