Аляксандр Лукашэнка павіншаваў навучэнцаў 13-й мінскай школы-інтэрната

1 сентября 2016

Сёння, у першы дзень верасня, Беларусь адзначае Дзень ведаў. У новым навучальным годзе вучняў прымаюць больш як 3 тысячы школ па ўсёй краіне. Усіх навучэнцаў, студэнтаў, аспірантаў, навукова-педагагічных работнікаў павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. І ўжо па традыцыі вырашыў гэта зрабіць асабіста ў адной з школ краіны. Сёлета ўвага аддадзеная 13-й мінскай школе-інтэрнату для дзяцей з парушэннем слыху. Гэта адна з найстарэйшых навучальных устаноў Мінска з больш чым паўвекавой гісторыяй. А вось гісторыя дня сённяшняга, напоўненага момантамі радасці і надзеі, у рэпартажы Ілоны Красуцкай.

Гэта ўжо больш чым традыцыя. Шмат гадоў 1 верасня рабочы графік Прэзідэнта прысвечаны выключна дзецям. Як правіла, Аляксандр Лукашэнка наведвае школы-новабудоўлі. Такія прапановы былі і сёлета. Але выбар Кіраўніка дзяржавы выпаў на 13-ю мінскую школу-інтэрнат. І невыпадкова. Так, ва ўсіх яе выхаванцаў ёсць бацькі, усе з добрых сем'яў. Але ўсё ж асабістыя гісторыі нельга назваць простымі. Усе дзеці з інваліднасцю, парушэннем слыху.

Гэта адна з найстарэйшых навучальных устаноў Мінска з больш чым паўвекавой гісторыяй. Сёння ў 14-ці класах вучацца 120 хлопчыкаў і дзяўчынак. Навучальны працэс арганізаваны па прынцыпе пяцідзёнкі, бо ў школе займаюцца не толькі мінчане, але і дзеці з самых аддаленых куткоў Беларусі. Даць інтэрв'ю самастойна пяцікласнік Іван не можа. Дыягназ "трэцяя ступень тугавухасці" ў хлапчука з нараджэння. Як і ў яго старэйшага брата Андрэя. Хаця тата і мама чуюць.

Вялікі калектыў, а гэта 80 педагогаў, вучаць дзяцей быць адкрытымі і разняволенымі. Гэтую працу часам складана ацаніць.

Сусветная статыстыка: на тысячу народжаных адно дзіця з парушэннямі слыху. За апошнія 10 гадоў колькасць глухіх дзяцей у нашай краіне скарацілася на 30%. Паталогія слыху сёння ў 16 тысяч беларусаў. Сярод прычын, як правіла, генетычныя парушэнні. Некаторыя дзеці атрымалі пэўную ступень тугавухасці ў раннім узросце - часцей за ўсё гэта наступствы менінгітаў або цяжкай пнеўманіі. Ступень парушэння слыху ў Беларусі прама ў радзільнях выяўляюць пры правядзенні аўдыялагічнага скрынінгу. А дзяцей з цяжкімі парушэннямі слыху ратуе пратэзаванне. Такіх аперацый штогод у краіне праводзяць да сотні. Самаму маленькаму пацыенту ўсяго 4 месяцы.

Сёння ў Беларусі 140 тысяч чалавек з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. 10 тысяч - інваліды. Для іх у краіне дзейнічае больш за 200 устаноў спецыяльнай адукацыі. Але пасля выпускнога чакае дарослае жыццё - сацыяльная інтэграцыя. Галоўнае патрабаванне Прэзідэнта - людзі розныя, але ў іх павінны быць роўныя магчымасці.

Валенне, карціны крыжыкам і абрусы, пашытыя сваімі рукамі. Першы стаж у працоўную кніжку і першыя грошы хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць ужо з 14-ці гадоў.

Выкладчык жэставай мовы Уладзімір Меліхавец дакладна ведае, як часам няпроста яго падапечным. Гісторык па адукацыі, скончыў Кобрынскую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху. Потым паступіў у педуніверсітэт. У 13-й сталічнай школе выкладае ўжо больш за 20 гадоў.

А Дзмітрый Харужый сам калісьці сядзеў за гэтай партай. Скончыў каледж электронікі, а затым вярнуўся ў родную 13-ю школу.

Першымі ў Беларусі выхаванцы гэтай школы на жэстах сталі вывучаць… англійскую мову. Узровень пачатковы, але не гэта важнае. Галоўнае - каб за мяжой гэтыя дзеці не разгубіліся: маглі лёгка сарыентавацца ў метро або магазіне.

За гады вучобы ў дзяцей павінен быць добры слоўнікавы запас і яны павінны навучыцца прамаўляць словы выразна. Гэта няпроста. Але ў школе строгае правіла - на мове жэстаў вучні могуць гаварыць толькі паміж сабой. Асновы вуснай мовы дзеці са слабым слыхам вучаць па спецыяльнай праграме. Методыка не толькі даe навыкі зносінаў, але і дапамагае знайсці своe месца ў грамадстве.

Аляксандр Лукашэнка зазірнуў і на ўрок да першаклашак. Кожнае дзіця атрымала ад Прэзідэнта кнігу "Мая Радзіма - Беларусь", на старонках якой галоўныя славутасці, імёны герояў Вялікай Айчыннай, выбітныя паэты, пісьменнікі, мастакі і спартсмены. Ёсць і фатаграфія Кіраўніка дзяржавы - усмешлівы і ў строгім касцюме высокі госць як з карцінкі.

У сілу юнага ўзросту і дапытлівасці дзеці задавалі простыя пытанні. Які настрой, ці шмат працы і пра што марыць Прэзідэнт?

Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел і ў святочным канцэрце да Дня ведаў. Каб сінхронна "праспяваць рукамі" некалькі песень, хлопчыкам і дзяўчынкам спатрэбіўся не адзін тыдзень упартых трэніровак. Але самае галоўнае - пачуцці, якія выказваюць жэстамі.

На памяць аб гэтай кранальнай сустрэчы спецыяльны падарунак. Мультымедыйны борд брэнда "Гарызонт". Сістэма тач скрын. Праграмнае забеспячэнне інтэрактыўнай панэлі адаптаванае для дзяцей з парушэннямі слыху. У адказ Кіраўніку дзяржавы зрабілі сімвалічны падарунак. Так, складанасці мовы для тых, хто жыве ў краіне глухіх, - самая вялікая праблема. Але для зносінаў на мове сэрца перашкод няма.

Пытанням развіцця беларускай сістэмы адукацыі на ўзроўні Прэзідэнта толькі за першае паўгоддзе былі прысвечаныя пяць нарад. І гэта без уліку тэзісаў Усебеларускага народнага сходу. Да гэтай сур'ёзнай гутаркі вярнуліся і сёння. Больш гаварылі аб павышэнні прэстыжу прафесіі настаўніка. Сёння іх сярэдняя заработная плата па краіне 623 рублі. Прэзідэнт запэўніў: дабавяць.

Сёлета выдаткі дзяржавы на адукацыю складуць амаль 5 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Гэты паказчык у ВУП рэспублікі дасягае 5%. Больш, чым у суседзяў у Расіі і Казахстане. У партфелях школьнікаў з'явяцца і дзясяткі новых падручнікаў. Усё гэта важна. Але яшчэ больш важна захаваць спецыялістаў. Так шмат сінонімаў - работнікі адукацыі, настаўнікі, педагогі. Менавіта яны робяць беларускую адукацыю вядомай ва ўсім свеце.