Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Сі Цзіньпіна і народ КНР са Святам Вясны

25 января 2020
Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Сі Цзіньпіна і дружалюбны народ гэтай краіны са Святам Вясны. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што мінулы год быў напоўнены мноствам яркіх падзей і высокіх дасягненняў у супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі.

"Паступальна ўмацоўваецца стратэгічнае ўзаемадавер'е, Мінск і Пекін аказваюць адзін аднаму надзейную палітычную падтрымку, каардынуюць высілкі ў рашэнні актуальных глабальных праблем. Назіраецца бесперапынны рост і змена структуры тавараабароту. Адзначаецца прагрэс у працы нашага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" як узорнага праекта ініцыятывы "Пояс і шлях". Развіваюцца міжрэгіянальныя кантакты і гуманітарныя сувязі. Беларусы і кітайцы гатовыя і далей разам ісці наперад, падзяляючы агульныя каштоўнасці", - гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік беларускай дзяржавы выступіў з прапановай аб’явіць у двухбаковых адносінах 2020 годам міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Паводле слоў нашага Прэзідэнта, гэта дапаможа ажыццявіць шмат важных планаў і праектаў. Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў запрашэнне старшыне КНР наведаць сёлета Беларусь з афіцыйным візітам, падчас якога лідары дзвюх краін змогуць вывесці двухбаковы дыялог на яшчэ больш высокі ўзровень, які пазначыць новую эпоху беларуска-кітайскага партнёрства.