Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларусаў і расіян з нагоды Дня яднання

2 апреля 2014

Старшыня Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларусаў і расіян з нагоды Дня яднання.

У віншаванні гаворыцца: Дзень яднання - свята, якое сімвалізуе для Беларусі і Расіі агульны цывілізаваны выбар, сувязь гісторыі, сучаснасці і будучыні. Гісторыі - таму што нашы народы змацоўваюць векавыя сувязі дружбы і ўзаемадапамогі. Сучаснасці - таму што менавіта ў навейшы час, на пераломе 90-х гадоў, нашы краіны прынялі рашэнне аб'яднаць намаганні для далейшага сумеснага развіцця. Будучыні - таму што саюзнае будаўніцтва нацэленае на дасягненне сацыяльнага і эканамічнага прагрэсу, забеспячэнне росту дабрабыту беларусаў і расіян.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтым годзе спаўняецца 15 гадоў з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. За гэты перыяд сфарміраваная дагаворна-прававая база супрацоўніцтва, якая дае магчымасць плённа працаваць амаль ва ўсіх галінах. Створаныя ўмовы для рэалізацыі прынцыпу роўнасці сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян дзвюх дзяржаў. Сістэмнае беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ў галіне знешняй і абароннай палітыкі стала залогам стабільнасці як у рэгіянальным, так і ў сусветным маштабе.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Саюзная дзяржава па праву з'яўляецца прыкладам і асновай аб'яднальных працэсаў на постсавецкай прасторы. Няпростыя рэаліі сённяшняга дня ставяць перад намі маштабныя задачы далейшай інтэграцыі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - І наша мэта - зрабіць усё, каб Саюзная дзяржава, Мытны саюз, Адзіная эканамічная прастора, а ў перспектыве і Еўразійскі эканамічны саюз, не дубліравалі, а дапаўнялі адзін аднаго, рэальна і бачна ўвасабляючы ў жыццё перавагі розных форм усебаковага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт адзначыў, што ў хуткім часе мы будзем адзначаць святую для Беларусі дату - 70-годдзе вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў. Наша краіна, якая страціла ў полымі другой сусветнай вайны кожнага трэцяга, але не стала на калені, як ніхто іншы, цэніць і разумее важнасць мірнага развіцця для дабрабыту свайго народа і ўсяго чалавецтва. У той вайне беларусы і расіяне разам з іншымі брацкімі народамі, здзейсніўшы бяспрыкладны подзвіг на фронце і ў тыле, неймавернай цаной атрымалі Вялікую Перамогу, - гаворыцца ў дакуменце. - І сёння, свята шануючы запавет пакалення пераможцаў, мы разам працуем і ствараем, забяспечваючы паступальнае развіццё нашых эканомік, годныя жыццёвыя стандарты для ўсіх грамадзян.

Беларуска-расійскія адносіны прайшлі выпрабаванне часам, праверку на крутых паваротах гісторыі. Раўнапраўе, узаемапавага, дружба і ўлік інтарэсаў адзін аднаго - вось тыя асноватворныя прынцыпы, на якіх будуецца двухбаковае доўгатэрміновае супрацоўніцтва. Нашым адносінам - умацоўвацца і развівацца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.