Аляксандр Лукашэнка павіншаваў альма-матар са стагоддзем

17 октября 2013

Векавы юбілей адзначае сёння адна з найстарэйшых ВНУ краіны - Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова. Гістарычны факультэт гэтай ВНУ ў свой час скончыў Прэзідэнт Беларусі. Сёння Аляксандр Лукашэнка прыехаў павіншаваць альма-матар са стагоддзем. Кіраўнік дзяржавы наведаў выставу, прысвечаную гісторыі развіцця ВНУ, пасля чаго па традыцыі пагутарыў са студэнтамі. Сустрэча прайшла ў форме калёквіўму і выклікала жывую ўзаемную цікавасць. Абмеркавалі не толькі праблемы глабальнага характару, такія як здабыццё дзяржаўнасці, узаемаадносіны Беларусі з іншымі краінамі, але і такія актуальныя пытанні для кожнага студэнта, як вучоба, працаўладкаванне, стаўленне да працы. Паводле прызнання саміх студэнтаў, дыялог з Прэзідэнтам атрымаўся вельмі цёплым і шчырым. Дарэчы, тыя, хто не змог трапіць у лік 200 прысутных, з цікавасцю назіралі за сустрэчай віртуальна - па маніторах у аўдыторыях універсітэта. Пра дыялог пакаленняў альма-матар - рэпартаж нашага карэспандэнта Сяргея Хамянтоўскага.



100 гадоў, а МДУ Куляшова па-ранейшаму малады. За стагоддзе ён не стаў кансерватыўнай ВНУ. Сінтэз праверанай савецкай школы і сучаснай, перадавой ператварылі ўніверсітэт у вялізную навуковую лабараторыю. Юбіляр сёння - гэта 10 факультэтаў, два каледжы, інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. І каля 9 тысяч студэнтаў, у якіх з'явіўся шанц напроста пагутарыць з Прэзідэнтам, выпускніком МДУ Куляшова.


Аляксандр Лукашэнка выпускнік гістарычнага факультэта 1975 года. І не прыехаць на векавы юбілей роднай ВНУ Прэзідэнт проста не мог. У Магілёўскім дзяржуніверсітэце памятаюць і шануюць сваю гісторыю. Памятаюць сваіх выпускнікоў. Не забываюць тут і заслужаных выкладчыкаў. У калідорах на сценах партрэты. Нават лабараторыі носяць іх імёны. Напрыклад, на гістарычным факультэце стварылі лабараторыю-бібліятэку імя Якава Іванавіча Трашчанка - выкладчыка гісторыі, выпускніком якога з'яўляецца Кіраўнік дзяржавы. Сёння алма-матар сустрэла свайго знакамітага выпускніка.


Як сорак гадоў таму. Ідучы па ўніверсітэцкіх калідорах, Прэзідэнт вяртаўся ў сваю студэнцкую маладосць. Новыя сябры, любімы выкладчык, першы іспыт і … першая тройка. З успамінаў пачаў сваю сустрэчу са студэнтамі Аляксандр Лукашэнка.


Сустрэчы з навучэнскай моладдзю неад'емная, і, паводле прызнання Аляксандра Лукашэнкі, самая прыемная частка працы Прэзідэнта. Яны чаканыя і нечаканыя адначасова. У МДУ Куляшова была не проста гутарка. Калёквіум - форма праверкі і ацэнкі ведаў навучэнцаў у вышэйшай школе. У аўдыторыі Прэзідэнт гаворыць аб непахіснасці прынцыпу незалежнасці Беларусі. Аўдыторыя разумее, Беларусь - гэта назаўжды. Наперадзе паступальнае развіццё.


Наступны меседж ужо выкладчыкам. Прэзідэнт нагадвае аб сваім патрабаванні арыентаваць навучанне студэнтаў на практыку. Навучанне, асабліва па прыкладных спецыяльнасцях, павінна быць на месцах. Вышэйшая школа павінна жыць дзяржаўнымі інтарэсамі.


Падчас дыялогу гаварылі пра ўсё: пра будаўніцтва жылля, будучыя мінскія інтэграцыйныя саміты, адраджэнне культурных каштоўнасцяў. Заўсёды адкрыты і камунікабельны Прэзідэнт з задавальненнем размаўляў са студэнцтвам.


МДУ Куляшова скарыстаўся сучаснымі мультымедыйнымі тэхналогіямі, дзякуючы чаму аўдыторыя пашырэла да тысячы чалавек. Гавораць, ад сустрэчы з Прэзідэнтам уражанняў маса.



Аб сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам гаварылі нават пасля яе, па-сучаснаму, у Інтэрнэце. Студэнцтва МДУ Куляшова актыўна посціла свае ўражанні на вэб-форумах. Калёквіум на вышэйшым узроўні ў падрабязнасцях - на інфармацыйным канале Панарама.