Аляксандр Лукашэнка наведаў завод Сукно

5 апреля 2013

Галоўныя прамысловыя трэнды апошняга часу, сярод якіх, зразумела, і мадэрнізацыя,  сёння гучалі ў галіне, якая ў новых падыходах мае патрэбу больш за ўсё. Наша лёгкая прамысловасць і, у прыватнасці, камвольная вытворчасць. Са снежня,   пасля таго самага рэзананснага візіту Прэзідэнта, у лёгпраме гэта тэма №1. Такім чынам, у снежні была задача рэанімаваць Камволь, месяц назад прагучала прапанова ўрада вынесці і размеркаваць магутнасці, і вось сёння Аляксандр Лукашэнка наведаў адно з тых прадпрыемстваў, у якім камвольная вытворчасць магла б адрадзіцца.  Гэта завод Сукно. Галоўная ідэя - і аб ёй чыноўнікам  сёння нагадалі - вырабляць тое, што, сапраўды, трэба, тое, з чым можна канкурыраваць як на сваім рынку, так і на замежных. Закрануў Прэзідэнт і сам план па вызваленні месца пад выставачны комплекс. І тут таксама былі пытанні.


Пра ўсё  па парадку Сяргей Хамянтоўскі.


Кампанія Сукно – найбуйнейшы  ў Беларусі вытворца прадукцыі спецыяльнага  і ведамаснага прызначэння. Выпускае тканіну, у асноўным, прызначаную  для пашыву ваеннага адзення, а таксама хатні тэкстыль. Фабрыцы без малога 70 гадоў, але тэхпераўзбраенне  тут пачалі зусім нядаўна.


 Мадэрнізацыя. Найбольш  часта ўжывальнае Прэзідэнтам слова. Тэхпераўзбраенне - пытанне выжываемасці  рэальнага сектара эканомікі. У апошніх рабочых  паездках па краіне Аляксандр Лукашэнка паказаў, што з безгаспадарлівасцю і кіраўніцкай непісьменнасцю мірыцца не будзе. Вось і на прадпрыемстве Сукно звычайная сустрэча Прэзідэнта атрымала незвычайны працяг.


20 гадоў прадпрыемства не ўкладвала грошай у тэхпереўзбраенне. Ткацкае абсталяванне маральна і фізічна састарэла. Не дзіўна, што фінансавыя паказчыкі прадпрыемства адпавядаюць вытворчым умовам.


З недамадэрнізаваных прадпрыемстваў - Мінскі камвольны камбінат - самае праблемнае. Некалі флагман лёгпрама, а цяпер халодныя памяшканні, ўстаўленыя  дапатопнымі станкамі, - Прэзідэнт наведаў у снежні і наладзіў  разнос з адстаўкамі. Усё загублена, - канстатаваў Прэзідэнт, але кропку не паставіў. Даручыў адрадзіць Камволь да канца бягучай пяцігодкі.


У Дзяржынску, на швейнай фабрыцы Эліз урад прапанаваў Прэзідэнту перанесці вытворчыя плошчы  Камволя - так мадэрнізацыя камбіната абыдзецца ў 3 разы танней. Кіраўнік  дзяржавы ідэю не адпрэчыў, паабяцаўшы паехаць на Сукно і ў Слонім абавязкова.


Сёння прама з прахадной першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка стаў паказваць Прэзідэнту эканамічныя казыры прапанаванага праекта. Калі дагэтуль на аднаўленне Камволя патрабавалася 273 мільёны еўра, то пераезд абсталявання на дзеючыя плошчы  Сукна і развіццё слонімскай фабрыкі абыдуцца ўсяго  96 мільёнаў еўра. На плошчах камвольнага камбіната, якія вызваліліся,  прапаноўваецца стварыць нацыянальны выставачны цэнтр.


Выслухаўшы, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў яшчэ раз праект прапрацаваць. Да таго ж у новага кіраўніка прадпрыемства Сукно ёсць свой план мадэрнізацыі. Тэрмін акупляльнасці праекта 4,5 года. За кошт  замежнай крэдытнай лініі Сукно ўжо набыло ў Германіі  15 ткацкіх станкоў. Калі праект пойдзе, то аб'ём вытворчасці ваўнянай тканіны да 2015 года павялічыцца ў 3 разы і складзе 3 мільёны пагонных метраў.


Дзе і што будуць мадэрнізаваць, Прэзідэнту  паказалі. Сукно ўжо мае закончаны цыкл: часанне, прадзенне, ткацтва і аздабленне. Створаны тэхналагічны ланцужок па выпуску двухспальных ваўняных коўдраў, якія ў  цяперашні час не маюць аналагаў у краіне.


Пакласці воўну  пад сукно Прэзідэнт сёння не адважыўся. Даручыў ураду праект мадэрнізацыі Камволя з вынасам станкоў на Сукно і ў Слонім яшчэ раз прапрацаваць.


Чакае Прэзідэнт новых прапаноў і па будаўніцтве нацыянальнага выставачнага цэнтра. На гектарах Камволя зацыклівацца не трэба, намякнуў Аляксандр Лукашэнка. Ёсць пляцоўкі больш зручныя, ля  Экспабела,  напрыклад.


З тым, што краіне Нацыянальны выставачны цэнтр неабходны, чыноўнікі згодныя. Мадэль ВДНГ паўтараць не варта. На захадзе выстаў у чыстым выглядзе  ўжо няма, папулярныя бізнес-інкубатары для інвестараў.


Пройдучы па ўсім тэхналагічным ланцужку суконнага прадпрыемства, Прэзідэнт даручыў беларускім швейнікам працаваць на айчыннай сыравіне і не здаваць унутраны рынак.


Развітваючыся, Прэзідэнт намякнуў, што гэта не апошні яго прыезд на Сукно і даручыў не зацягваць пытанне з канчатковым прызначэннем дырэктара прадпрыемства.