Аляксандр Лукашэнка наведаў святочнае набажэнства ў храме Раства Хрыстовага ў Астрошыцах

28 апреля 2019

Са святам Уваскрэсення Хрыстовага праваслаўных хрысціян павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Для кожнага верніка Вялікдзень - асаблівы, дзіўны дзень. Ён сімвалізуе перамогу дабра над злом, святла над цемрай, праўды над хлуснёй. Вера заўсёды была і застаецца маральным стрыжнем беларусаў, невычарпальнай крыніцай натхнення на вялікія здзяйсненні дзеля блізкіх, свайго народа і роднай краіны. Яна дапамагае захаваць і прымножыць традыцыі і культуру праваслаўя, заснаваныя на вечных каштоўнасцях: шанаванні старэйшага пакалення, клопаце пра дзяцей і дапамозе тым, хто мае ў ёй патрэбу. Аб'ядноўвае нас у імкненні да тварэння ў імя міру", - гаворыцца ў віншаванні.

Радасць гэтага светлага дня разам з вернікамі падзяліў і Кіраўнік дзяржавы. Па традыцыі, якім бы насычаным ні быў графік, гэты святочны дзень Аляксандр Лукашэнка сустракае разам з суайчыннікамі. Гэтым разам з малодшым сынам Мікалаем Прэзідэнт наведаў святочнае набажэнства ў храме Раства Хрыстовага ў Астрошыцах. Ён быў пабудаваны тры гады таму і можа змясціць усяго 50 вернікаў. Храм - маленькі, але вельмі ўтульны - стаў духоўным цэнтрам для мясцовых жыхароў. Пры храме дзейнічае і нядзельная школа, яе выхаванцы сёння прывіталі Кіраўніка дзяржавы - для Прэзідэнта кветкі і кошык з пачастункамі. Разам з настаяцелем храма протаіерэем Аляксандрам Зімніцкім Аляксандр Лукашэнка запаліў святочную свечку ля абраза Уваскрэсення Хрыстовага. Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар храму ікону "Уваскрэсенне Гасподняе", яна напісаная па старажытнай візантыйскай тэхналогіі. А Прэзідэнту ўручылі Іверскую ікону Прасвятой Багародзіцы - адну з найболей вядомых і ўшанаваных у праваслаўным свеце. Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з вернікамі, павіншаваў іх са святам і пачаставаў сваім фірмовым шакаладам "Прэзідэнт".